Беларуская Служба

На парламенцкіх выбарах у Славаччыне перамагла апазіцыя

01.03.2020 10:22
 Пераканаўчую перамогу атрымала права-цэнтрысцкая апазіцыйная партыя «Звычайныя людзі і незалежныя асобы» (OĽaNO)
Stolica Słowacji, Bratysława
Stolica Słowacji, Bratysławapixabay.com/Ajale

На выбарах у Нацыянальную раду Славаччыны, якія прайшлі ў суботу, пераканаўчую перамогу атрымала апазіцыйная права-цэнтрысцкая партыя «Звычайныя людзі і незалежныя асобы» (OĽaNO). Партыя Ігара Матовіча атрымала амаль 25%, паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія ў Браціславе ў нядзелю, 1 сакавіка, пасля падліку больш за 98 % выбарчых бюлетэняў. Кіроўная партыя «Напрамак – сацыяльная дэмакратыя» (Smer-SD) атрымала другое месца з 18,4% галасоў.

Прэм'ер-міністр краіны Петэр Пелегрыні ўжо павіншаваў лідара OĽaNO Матовіча з перамогай на выбарах, адзначыўшы, што «у яго добры маркетынг, але нам будзе цікава, як ён справіцца на сваёй пасадзе». «Маркетынг толькі дапамагае прыйсці да ўлады, але гэтага недастаткова для кіравання краінай», – падкрэсліў адыходзячы прэмʼер.

На мінулых парламенцкіх выбарах у 2016 годзе OĽaNO набрала толькі 11%, Smer-SD – 28,3 %. Вынік гэтага галасавання, у агульным і цэлым супадае з вынікамі экзіт полаў. Назіральнікі чакаюць цяжкіх перамоваў аб стварэнні кааліцыі, паколькі 46-гадовы пераможца выбараў Матовіч лічыцца непрадказальным палітыкам. На думку назіральнікаў, OĽaNO можа стварыць кааліцыю з яшчэ трыма партыямі ліберальнага і кансерватыўнага толку, якая будзе мець 90 з 150 мандатаў у славацкім парламенце.

Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Матовіч абяцаў змагацца з карупцыяй. «Цяпер, без усялякіх сумневаў, мы пазбавімся ад мафіі», – заявіў ён пасля выбараў у тэлеэфіры. Партыя OĽaNO станоўча ставіцца да знаходжання Славаччыны ў складзе ЕЗ ды НАТА.

паводле dw.com/эж