Міністр абароны Францыі Фларанс Парлі працуе над фемінізацыяй Узброеных сіл, паведамляе з Парыжа карэспандэнт Польскага агенцтва друку. Палітык лічыць, што 10% корпусу генералаў французскай арміі павінны быць жанчынамі.
Французскія СМІ зазначаюць, што планку ў 10% дасягнуць будзе лёгка, таму што актуальна ва ўзброеных сілах Францыі 9% генералаў – гэта жанчыны. У 2018 годзе гэты адсотак складаў 7,5%.
І так, сярод 169 генералаў сухапутных сіл два – гэта жанчыны. Акрамя таго, у Францыі ёсць жанчына-адмірал у ВМФ краіны, тры служаць у ВПС, шэсць – у Камісарыяце Узброеных сіл, 20 са 115 генералаў – у Генеральнай дырэкцыі па пытаннях узбраення і 12 з 45 генералаў – у вайсковай медыцынскай службе.
Актуальна французская армія займае чацвёртае месца ў свеце па фемінізацыі войска: ва Узброеных сілах Французскай Рэспублікі 15% ваеннаслужачых (больш за 32 тыс.) – гэта жанчыны.
У ліпені прэстыжнае вучылішча ВПС Францыі ўзначаліла жанчына – генерал Дамінік Арб'е. Расце таксама колькасць курсантак у ваенных навучальных установах – 10% у марскіх вучылішчах складаюць жанчыны, у вучылішчах ВПС – 20%, а на вайсковых медыцынскіх факультэтах – больш за 50%.
вс