Санкцыі Еўрасаюза за гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў і выбарчыя фальсіфікацыі могуць закрануць да 20 беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў, паведамілі Польскаму радыё крыніцы ў Бруселі.
Цалкам верагодна, што паразуменне па «чорным спісе» будзе дасягнутае падчас сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў-членаў, якая пачнецца ў чацвер у Берліне.
Гаворка ідзе пра дыпламатычныя санкцыі з забаронай на ўезд у ЕС і замарожванне фінансавых актываў у Еўропе.
Пакуль адкрытым застаецца пытанне, ці ў згаданы спіс будзе ўнесены таксама Аляксандр Лукашэнка. Частка дыпламатаў лічыць, што супраць беларускага кіраўніка трэба прымяніць санкцыі. Іншыя пераконваюць, што варта пакінуць „каналы сувязі”адкрытымі, а віна Лукашэнкі павінна быць даказаная. У адваротным выпадку, паводле іх, абмежаванні будуць апратэставаны ў Еўрапейскім судзе.
«Чорны спіс» ЕС павінен быць канчаткова ўзгоднены на наступным тыдні.
Зялёнае святло для працы над санкцыямі раней далі міністры замежных спраў 27 краін ЕС. Згаданае рашэнне падтрымалі таксама лідары дзяржаў-членаў падчас відэаканферэнцыі на мінулым тыдні. Цяпер ідэю падтрымалі еўрадэпутаты з Камісіі па замежных справах Еўрапарламента.
аз