Мінск заявіў, што адклікае на кансультацыі сваіх паслоў з Варшавы і з Вільні і рэкамендуе зрабіць тое ж Польшчы і Літве. Адначасова Мінск запатрабаваў у гэтых краін скараціць колькасць супрацоўнікаў свайго пасольства ў Мінску- у літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпламатаў, у польскай - замест 50 - 18.
Аднак ні Варшава, ні Вільня не маюць намеру скарачаць колькасць сваіх дыпламатаў у Беларусі. Заявіў аб гэтым міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.
- Я слухаю гэта са шкадаваннем і расчараваннем. Я ўжо не раз казаў, што крокі, які прымаюць апошнім часам беларускія ўлады, нагадваюць спільванне галіны, на якой яны сядзяць. У іх і так мала засталося кантактаў. Яны не хочуць мець зносін з Захадам. Яны размаўляюць толькі з адной краінай. І яшчэ гэты напад на дыпламатычныя службы Літвы і Польшчы. Мы пачакаем на наступныя крокі.
Лінас Лінкявічус сказаў, што размаўляў з міністрам Збігневам Рау і адзначыў, што Літва каардынуе свае дзеянні з Польшчай.
Раней у інтэрв'ю рускамоўнай версіі сайта delfi.lt кіраўнік літоўскай дыпламатыі заявіў, што санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі будзе недастаткова. На яго думку, павінна быць пачата міжнароднае расследаванне па справе тых, хто ўчыніў гвалт у дачыненні да людзей, якія дэманструюць у Беларусі.
яс