Літва выдала беларусам амаль чатырыста дазволаў на скарыстанне так званым гуманітарным калідорам. Ім, без складаных фармальнасцей, могуць скарыстацца беларусы, якія пацярпелі падчас мірных акцыяў пратэсту альбо падвягаюцца пераследу ў Беларусі.
Рашэнне дазволіць на прыезд беларусам урад Літвы прыняў у жніўні, адразу пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў жорстка падаўляць мірныя пратэсты.
Дазволы на выкарыстанне гуманітарнага калідора выдаюцца паводле пастановы Міністэрства ўнутраных спраў Літвы. Як сказала кіраўнік згаданага ведамства Рыта Тамашунене, беларусы, якія хочуць прыехаць у Літву, павінны падаць у пасольства Літвы ў Мінску заяўку на Шэнгенскую візу:
- З гэтым звязаны пакет дапамогі. Мы кансультуем беларусаў на рускай або англійскай мовах і паведамляем ім, як яны могуць хутчэй знайсці працу, школу ці дзіцячы сад у нашай краіне.
Рыта Тамашунене дадала, што некаторыя беларусы таксама просяць прытулку, але гэта звязана з тым, што ім будзе складана вярнуцца ў краіну.
Беларусы выбіраюць Літву ў першую чаргу таму, што адтуль яны маюць блізка да сваёй краіны, сказаў кіраўнік МУС Літвы:
- Цяпер у Літве жыве больш за 20 тысяч беларусаў, якія тут працуюць і вучацца.
З Беларусі ў Вільню з’ехала таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
аз