Кіраўніцтва Рады Еўропы ў аўторак, 13 кастрычніка выступіла з сумеснай заявай, у якой у чарговы раз заклікала ўлады Беларусі пачаць дыялог з прадстаўнікамі апазіцыі, спыніць гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, вызваліць палітвязняў і правесці канстытуцыйную рэформу ў краіне.
«Масавыя арышты мірных удзельнікаў пратэстаў і шматлікія выпадкі жорсткага абыходжання з імі недапушчальныя на нашым кантыненце. Мы рашуча пацвярджаем сваю пазіцыю ў дачыненні да таго, што ўсе затрыманыя павінны быць вызваленыя і што ў мэтах правядзення гэтак доўгачаканай усімі жыхарамі краіны канстытуцыйнай рэформы неабходна пачаць сапраўдны сур’ёзны дыялог з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці», – гаворыцца ў заяве Рады Еўропы.
Адзначаецца, што арганізацыя гатова дапамагчы Беларусі на яе шляху да сапраўдных рэформаў.
Дакумент падпісаны намеснікам кіраўніка МЗС Грэцыі, старшынёй Камітэту міністраў Рады Еўропы Мілтыядзісам Варвіцыётысам, кіраўніком Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Рыкам Дэмсам і генеральным сакратаром Марыяй Пейчыновіч-Бурыч.
dw.com/эж