Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кіпр закрывае праграму выдачы «Залатых пашпартоў» пасля журналісцкага расследавання

15.10.2020 14:07
На Кіпры ад пачатку дзеяння праграмы, ад 2014 года, замежныя інвестары, дзякуючы праграме выдачы «залатых пашпартоў», інвеставалі 6 мільярдаў еўра.
Аўдыё
  • Скандал "Cyprus Papers" ударыў ня толькі па прадпрымальнікам, але і палітыкам краіны
У скандал выдачы кіпрскіх пашпартоў замежным крымінальнікам былі ўмешаныя чальцы ўрадуграфіка: Al Jazeera

У панядзелак інтэрнэт-прастора, а затым і цэлая супольнасць Еўразвязу, была вельмі ўзрушаная, калі выданне Аль-Джазіра апублікавала сваё расследаванне па справе выдачы-продажу грамадзянства кіпрскімі ўладамі ўзамен за інвестыцыі ў краіне. Паводле выдання, у спіс новых кіпрыётаў уваходзяць падазроныя бізнесмены і палітыкі з Расіі, Кітая, Саудаўскай Аравіі і шэрагу іншых не еўрапейскіх дзяржаў.

Не сакрэт, што грамадзянства і пашпарт краіны Еўразвязу дазваляе адчыніць больш дзвярэй, чым амаль кожны іншы пашпарт дзяржавы звонку еўрапейскай зоны. Не навіна таксама, што гадамі многія мільянеры, перадусім з Расіі, Кітая, іншых краін Азіі і Арабскага Паўвострава шукалі спосабы набыць другі пашпарт, які дазваляў б расшырыць дыяпазон інвестыцый. З іншага боку, краіны Еўразвязу карысталіся такім зацікаўленнем па прагматычных прычынах – большыя прыбыткі ў дзяржаўны бюджэт. Ужо ў мінулым годзе выбухнуў першы скандал на фоне выдачы пашпартоў у такіх краінах як Мальта, Балгарыя і Кіпр. Гэтая апошняя дзяржава ў выніку вялікага рэзанансу, выкліканага справай, пазбавіла грамадзянства 26 замежных бізнесменаў. Менавіта ў лістападзе 2019 года ВВС прыглядзелася справе выдачы пашпартоў краінамі ЕЗ:

-Можна атрымаць еўрапейскае грамадзянства, маючы пашпарт любой з 28 краін ЕЗ. Кожная краіна Еўразвязу стварае ўласныя ўмовы атрымання грамадзянства. Некаторыя дзяржавы прапануюць грамадзянства ўзамен за значныя фінансавыя інвестыцыі. Гэта можа быць купля дзяржаўных біржавых аблігацыі, нерухомасці або іншага тыпу інвестыцыі ў дадзенай краіне. Іншыя ўмовы, як пражыванне на тэрыторыі дзяржавы, таксама могуць гуляць ролю. Мальта, Кіпр і Балгарыя – краіны, якія прапануюць такія праграмы. Давайце прыглядзімся Мальце – заяўнік павінен унесці 650 тысяч еўра ў народны фонд развіцця, інвеставаць 150 тысяч у мальтыйскія аблігацыі і купіць нерухомасць за мінімум 350 тысяч еўра. Акрамя таго, заяўнік павінен пражываць на тэрыторыі краіны як мінімум 12 месяцаў. 386 людзей набылі грамадзянства дзякуючы праграме ў 2016 і 2017 гадах. Мальта абвесціла, што дзякуючы праграме прыбытак дзяржавы павялічыўся на 400 мільёнаў еўра. Гэта склала 3,7% ВВП краіны за гэты год.

Сярод асоб, якія атрымалі мальтыйскае грамадзянства ў 2016 годзе, знаходзяцца расійскія бізнесмены як: Барыс Мінц – уладальнік О1Group, Аркадзій Волаж, заснавальнік Яндэкс і Аляксандр Мячэцін, уладальнік Белуга Груп. У 2017 годзе на Мальце ў замаху загінула журналістка Дафнэ Каруана Галіцыя, якая займалася расследаваннем праблемы «залатых пашпартоў» у краіне. Паводле звестак, яна раскрыла схему, паводле якой фінансавыя карысці з інвестыцыі ўзамен за грамадзянства атрымліваў прэм’ер-міністр краіны. Расійская служба арганізацыі Transparency International у сваім артыкуле з 2017 года раскрыла прозвішчы расійскіх алігархаў і карупцыянераў, якія маюць прамыя інвестыцыі ў краінах Еўразвязу, або на іх аснове атрымалі грамадзянства дадзеных краін.

Мальтыйскі прыклад не на столькі скандальны, наколкі дзеянні іншай астраўной краіны – Кіпра. У апошнія дні следчыя кампаніі Аль-Джазіра раскрылі схему выдачы пашпартоў на аснове інвестыцый, якімі прама карыстаўся адзін з парламентарыяў краіны – Хрыстакіс Джовані, які адначасова з’яўляецца адным з магутнейшых прадпрымальнікаў краіны. Журналісты Аль-Джазіра ў якасці прадстаўнікоў кітайскага інвестара, які намераны збегчы са сваёй краіны ў сувязі з асуджэннем яго на 7 гадоў пазбаўлення волі, скантактаваліся з фірмай, якая дапамагае замежнікам атрымаць кіпрскі пашпарт. Вось што яны пачулі на адной з сустрэч ад юрыста кампаніі Андрэаса Пітаджыса:

-Няма ніводнай чыстай, крыштальнай пашпартнай справы. Ніводнай. Ва ўсіх іх ёсць свае праблемы. Таму яны і хочуць гэты пашпарт. Так што, кожны мае свае праблемы. У мяне быў кліент, які знаходзіўся 2 гады пад арыштам. Быў асуджаны за карупцыю і адмыванне грошаў. І мы знайшлі спосаб, каб яго апраўдаць, ён зараз ужо чакае сваю візу і пашпарт. Без праблем. На Кіпры, як і ў кожнай еўрапейскай дзяржаве, нельга адмываць грошы, нельга прайсці, абмінаючы сістэму. Ты павінен «танцаваць пад музыку законаў».

Пасля публікацыі здымкаў і ўсяго расследавання Андрэас Пітаджыс, Хрыстакіс Джовані і іншыя асобы, звязаныя са справай, расказалі, што гэтыя кліенты ад пачатку здаваліся ім падазронымі і што яны данеслі інфармацыю пра гэта кіпрскім службам. У справе фігураваў таксама спікер кіпрскага парламенту, Дэмэтрыс Сілюрыс, які прыпыніў свае паўнамоцтвы на час правядзення следства, праз дзень пасля публікацыі расследавання. У адстаўку падаў і Хрыстакіс Джовані, галоўны пасярэднік у працэсе выдачы візы кітайскаму крымінальніку. Справу на афіцыйнай канферэнцыі пракаментаваў спікер Еўракамісіі Хрыстыян Віганд:

-Мы глядзелі і не маглі паверыць, як высокапастаўленыя чыноўнікі гандлявалі еўрапейскім грамадзянствам для прыватнай фінансавай карысці. Прэзідэнт Фон дэ Лен правільна сказала, што еўрапейскія каштоўнасці не прадаюцца. Як вы ведаеце, Камісія заўсёды была занепакоена схемамі візаў для інвестараў. Зараз мы чакаем следства кіпрскай справы ў святле законаў ЕЗ і працэдур. Мы таксама атрымалі заяву ўраду Кіпра і спадзяемся, яны разгледзяць гэтую справу поўнасцю. Мы размаўляем і пастаянна кантактуем з урадамі Мальты, Кіпра і Балгарыі наконт іхных інвестыцыйных праграм.

На Кіпры ад пачатку дзеяння праграмы, ад 2014 года, замежныя інвестары, дзякуючы праграме выдачы «залатых пашпартоў», інвеставалі 6 мільярдаў еўра. Аднак у сувязі са скандалам, які ўзнік пасля публікацыі расследавання Аль-Джазіра, кіпрскі ўрад вырашыў спыніць дзейнасць праграмы на неакрэслены перыяд, пачынаючы з 1 лістапада.

Нагадаем, што Кіпр яшчэ нядаўна быў адзінай дзяржавай, якая выступала супраць санкцый у адносінах беларускіх чыноўнікаў, якія мелі дачынення да фальсіфікацыі выбараў і катаванняў мірных грамадзянаў. Зараз астраўная краіна змяніла сваё рашэнне і ЕЗ магло ўвесці санкцыі супраць беларускіх уладаў.

Al-Jazeera/BBC/ Альберт Ежы Вяжбіцкі