Упершыню ў Літве Свята памерлых, якое ў польскай традыцыі называюць таксама Задушным днём (поль. Zaduszki) – з’яўляецца свабодным ад працы. Нагадваем, у гэты дзень супольнасць вернікаў прыходзіць на дапамогу душам у Чысцілішчы, молячыся за іх да Бога.
Аднак у сувязі з эпідэміяй каранавіруса літоўскія ўлады заклікалі жыхароў краіны наведваць могілкі не сёння, але цягам бліжэйшых дзён.
Рашэнне зрабіць Свята памерлых выхадным прыняў парламент Літвы ў мінулым годзе. З такой прапановай выступілі члены фракцыі „Выбарчая акцыя палякаў у Літве - Саюз хрысціянскіх сем'яў”. Палітыкі пераконвалі, што Свята памерлых - гэта вельмі важны дзень у літоўскай і польскай культуры, а наведванне могілак - традыцыя, якую трэба захоўваць для будучых пакаленняў.
Больш за тое, на думку прадстаўнікоў фракцыі, аднаго Дня ўсіх святых, які выпадае 1 лістапада недастаткова для наведвання магіл блізкіх у аддаленых кутках Літвы.
Тым часам улады Літвы з-за пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі ў краіне яшчэ да пачатку доўгіх выходных звярнуліся да грамадзянаў з просьбай наведваць могілкі цягам некалькіх, а не аднаго дня і адмовіцца ад сямейных сустрэч.
аз