Пасля тэракту ў Вене італьянскі міністр замежных спраў заявіў, што Еўрапейскі Саюз павінен павысіць узровень бяспекі межаў і не абмяжоўвацца дэкларацыямі. Луіджы Ды Маё апублікаваў шырокі тэкст па гэтым пытанні на сваёй старонцы.
Кіраўнік італьянскага Міністэрства замежных спраў нагадаў, што тэрарыст, які надоечы ў Ніцы забіў трох чалавек, прыплыў з групай мігрантаў з Туніса на італьянскую выспу Лампедуза, адкуль незаконна ўехаў у Францыю.
Луіджы Ды Маё заявіў, што трэба звяртаць больш увагі на нелегальную іміграцыю. Ён напісаў таксама, што кожная дзяржава нясе адказнасць за абарону сваіх межаў, а краіна, якая не можа прыняць мігрантаў, не павінна гэтага рабіць. У адваротным выпадку мігрантам пагражаюць сацыяльная маргіналізацыя і галеча.
Кіраўнік МЗС Італіі заклікаў Еўрапейскі Саюз да рэалістычнага падыходу да праблемы. Ён падкрэсліў, што пасля тэрактаў у Ніцы і Вене ЕС патрабуе новай сістэмы абароны ад тэрарызму.
За апошнія два дні ў Італію прыбылі больш за 1 600 мігрантаў з Афрыкі.
аз