Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Злучаныя Штаты Амерыкі не лічаць нікога з удзельнікаў прэзідэнцкіх выбараў законным лідарам Беларусі

07.11.2020 18:57
Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці Астравецкай АЭС PAP/EPA/MAXIM GUCHEK / POOL

Злучаныя Штаты Амерыкі не лічаць нікога з удзельнікаў прэзідэнцкіх выбараў законным лідарам Беларусі, паведаміў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент 6 лістапада на тэлефонным брыфінгу, перадае Свабода.

Адказваючы на пытанне, каго цяпер ЗША лічаць законным лідарам Беларусі, прадстаўнік Дзярждэпартаменту адзначыў, што Злучаныя Штаты не лічаць выбарчы працэс 9 жніўня свабодным або справядлівым.

«Фальсіфікаваныя вынікі, якія былі абвешчаныя праз некалькі дзён, не могуць нікога легітымізаваць, і таму нам цяжка лічыць каго-небудзь, хто прэтэндуе на перамогу ў гэтых працэсах 9 жніўня, законна абраным лідарам краіны», – сказаў Кент.
Разам з гэтым ён падкрэсліў, што Вашынгтон «працягвае заклікаць да дыялогу паміж беларусамі».

«Гэта было нашай палітыкай ад самага пачатку. У канчатковым выніку, хоць усіх нас турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі, лёс Беларусі павінны вызначаць беларусы, а не пабочныя. І, як афіцыйныя асобы ЗША неаднаразова заяўлялі на працягу апошніх некалькіх месяцаў, рашэнне аб Беларусі застаецца за беларусамі. Гэта не праблема паміж Усходам і Захадам. Гэта не сфера канкурэнцыі паміж ЗША і Расіяй. Гэта павінны вырашаць беларусы. Мы лічым, што АБСЕ павінна адыграць пэўную ролю ў наладжванні і аблягчэнні дыялогу, але на справе гэта павінен быць дыялог паміж беларусамі», – адзначыў Кент.

ав