Кандыдат ад дэмакратаў Джо Байдэн абвясціў пра перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.
У сваёй прамове ў Уілмінгтане ў штаце Дэлавэр, Джо Байдэн заявіў, што „народ выказаўся і даў нам ясную, пераканаўчую перамогу”. Ён абвясціў, што, як прэзідэнт, будзе імкнуцца аб'яднаць амерыканцаў. Дадаў, што разумее расчараванне тых, хто галасаваў за Дональда Трампа, і падкрэсліў, што да апанентаў нельга ставіцца, як да ворагаў.
Джо Байдэн таксама аб’яцаў быць прэзідэнтам усіх амерыканцаў і супрацоўнічаць з усімі партыямі.
Джо Байдэн абвясціў пра барацьбу з пандэміяй каранавіруса, а таксама супраць кліматычных змен і сістэмнага расізму ў ЗША. Ён таксама паабяцаў зрабіць Амерыку паважанай ва ўсім свеце. Байдэн абвясціў, што неадкладна прызначыць каманду экспертаў для барацьбы з пандэміяй.
Нагадваем, на падставе папярэдніх вынікаў падліку галасоў, найбуйнейшыя СМІ паведамілі, што кандыдат ад дэмакратаў перамог у Пенсільваніі, а гэта значыць, што ён набраў, як мінімум, 270 галасоў электараў, то бок, па законе, дастаткова для абрання прэзідэнтам.
У сваю чаргу дзейны прэзідэнт Дональд Трамп напісаў у заяве, што „выбары яшчэ не скончыліся”, а Джо Байдэн афіцыйна не быў зацверджаны пераможцам у ніводным штаце. Ён таксама паведаміў, што з панядзелка ягоныя юрысты будуць з’вяртацца ў суды з рознымі позвамі, у тым ліку аб пераліку галасоў.
Вынікі галасавання павінны быць фармальна зацверджаныя ў кожным штаце. Пасля гэтага ў снежні калегія электараў павінна абраць новага прэзідэнта. Яго тэрмін пачынаецца 20 студзеня. Да гэтай даты прэзідэнтам застаецца Дональд Трамп.
Выбары прэзідэнта ЗША прайшлі 3 лістапада.
Тым часам у многіх амерыканскіх гарадах адбыліся дэманстрацыі прыхільнікаў абодвух кандыдатаў.
аз