У Латвіі з сённяшняга дня дзейнічае нацыянальны каранцін. Новыя абмежаванні з суботы ўвяла таксама Літва. Колькасць новых заражэнняў каранавіруснай інфекцыяй у краінах Балтыі працягвае расці. Учора ў Літве, Латвіі і Эстоніі было выяўлена амаль 2 тысячы 400 новых выпадкаў.
За апошні месяц у Латвіі на Covid-19 захварэла каля 6 тысяч чалавек. Толькі ўчора было пацверджана больш за 200 новых выпадкаў.
Чакаецца, што надзвычайнае становішча ў Латвіі прадоўжыцца да 6 снежня. Цягам гэтага часу ў краіне адкліканыя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Сустракацца можа не больш за дзесяць чалавек з дзвюх хатніх гаспадарак. Падобнае правіла будзе прымяняцца да пахавальных цырымоній. У рэстаранах можна купляць толькі ежу на вынас.
Літва ўвяла падобныя абмежаванні з суботы. Там колькасць выяўленых за дзень новых інфекцый склала амаль 2 тысячы. У краіне былі зачынены спартыўныя клубы і ўстановы культуры. Спартыўныя спаборніцтвы могуць праводзіцца, але без заўзятараў. Колькасць пасажыраў у грамадскім транспарце абмежаваная.
У сваю чаргу ўчора ў Эстоніі было выяўлена 192 новыя выпадкі заражэння каранавірусам.
Паводле дадзеных, апублікаваных Еўрапейскім цэнтрам прафілактыкі і кантролю над хваробамі, у Літве за апошнія два тыдні было выяўлена 470 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на сто тысяч жыхароў. У Латвіі - 177, а ў Эстоніі - 119. У Польшчы згаданы паказчык складае 736.
аз