Польшча з'яўляецца ганаровым госцем сёлетняга фестывалю „Давайце сустрэнемся на Каляды”, арганізаванага ўладамі Мадрыда ў супрацоўніцтве з пасольствам Польшчы, паведамляецца на афіцыйным сайце гарадскога савета.
Спектаклі, аўдыявізуальныя шоу, паказы кіно, танцы, цырк, майстар-класы, канцэрты, вулічны тэатр - гэта толькі некаторыя прапановы насычанай культурна-забаўляльнай праграмы, якая будзе праходзіць да 30 снежня ў Мадрыдскім культурна-мастацкім цэнтры.
Адкрыццём праграмы стаў „дыялог паміж польскай і іспанскай культурай” - былі прадстаўлены польскія фальклорныя калектывы і іспанская традыцыя фламенка. Хоры „Кракус” і „Наш Дом” спявалі польскія калядныя песні, а пасол Польшчы ў Мадрыдзе Мажэна Адамчык распавяла пра польскія калядныя традыцыі.
Падчас фестывалю запланаваны буйны аўдыявізуальны спектакль у гонар польскага піяніста і кампазітара Фрыдэрыка Шапэна, а таксама канцэрт маладога піяніста - паляка, які нарадзіўся ў Мадрыдзе, Віктара Гaнсёра, які будзе іграць музычныя творы выдатных кампазітараў Усходняй Еўропы.
Іншы тэматычны блок фестывалю прысвечаны польскай літаратуры, у тым ліку творам майстра фэнтэзі Станіслава Лема і Анджэя Сапкоўскага.
У мадрыдскім культурным цэнтры запланаваны шоу мастацкага катання, а таксама „фестываль новых магічных талентаў”.
аз