Міністр фінансаў Германіі Олаф Шольц лічыць, што жорсткі лакдаўн не пашкодзіць айчыннай эканоміцы. Учора канцлер Ангела Мэркель паведаміла, што санітарныя абмежаванні будуць прадоўжаныя да канца студзеня. Некаторыя з іх былі ўзмоцненыя.
„У нас ёсць дастатковыя рэсурсы, каб перажыць гэты цяжкі перыяд”, - запэўніў віцэ-канцлер Олаф Шольц у інтэрв'ю тэлеканалу ARD. Міністр фінансаў пераконваў, што пасля пандэміі каранавіруса нямецкая эканоміка будзе ў значна лепшым стане, чым пасля фінансавага крызісу ў 2008 годзе.
Месяц таму Бундэстаг прыняў бюджэт, які прадугледжвае дадатковую запазычанасць у памеры амаль 180 млрд еўра. Гэта другая па велічыні пазыка ў гісторыі пасляваеннай Германіі. Пазыка прызначана на дапамогу прадпрымальнікам, якія пацярпелі ад жорсткіх абмежаванняў, выкліканых пандэміяй.
Учора ўлады Германіі вырашылі аб падаўжэнні нацыянальнага каранціну як мінімум да канца студзеня. Некаторыя абмежаванні могуць дзейнічаць нават да канца сакавіка. За апошнія суткі ў Германіі былі выяўленыя больш за 21 000 новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Памерла больш за 1 000 пацыентаў.
аз