Два чалавекі загінулі ў выніку снежнай буры ў Іспаніі. Адна з ахвяраў-жанчына, яе аўтамабіль загруз у снезе недалёка ад Малагі. Другая ахвяра – бяздомны, якога знайшлі мёртвым у размешчаным на ўсходзе краіны горадзе Калатаюд.
Увечары ў пятніцу, 8 студзеня многія жыхары Мадрыда, нягледзячы на папярэджанні, адправіліся па традыцыі ў кафэ і рэстараны. Але вярнуцца да ночы дадому змаглі не ўсе. На гарадскіх магістралях, у тым ліку на кальцавых аўтадарогах з-за снежных заносаў адбыліся сотні аварыяў – іспанцы не прывыклі кіраваць машынай у снегапад – утварыліся гіганцкія коркі. Да таго ж шматлікія тунэлі, якія дазваляюць звычайна спраўляцца з транспартнымі патокамі, прыйшлося закрыць.
У іспанскай сталіцы мала тэхнікі, здольнай змагацца са снегападамі. Хоць, як адзначыў у сваім тэлезвароце мэр Мадрыда Хасэ Луіс Марцінэс Альмэйда, дадатковую тэхніку ўсё ж удалося вылучыць, як пясок і соль для барацьбы з лёдам. Але іх хапіла толькі для цэнтра гораду. Мэр папрасіў насельніцтва не пакідаць у выхадныя сваё жытло.
Але ў самай цяжкай сітуацыі апынулася старажытная сталіцы краіны – Таледа. Па яе старажытных вузкіх вулачках наагул немагчыма перасоўвацца. Горад цалкам зачынены для транспарту. Са снежнымі заваламі змагаюцца экстраныя службы і ваенныя.
Не на шмат лепшая сітуацыя ў правінцыі Альбасэтэ – на паўднёвы ўсход ад Мадрыда. Тут на шашы затрымаліся сотні грузавікоў, як і ў правінцыях Валенсія, Алікантэ і Кастэльён. З дапамогай ваеннай тэхнікі ратавальнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа дастаўляюць ім гарачае харчаванне. Гэтая ж тэхніка замяняе машыны хуткай дапамогі для дастаўкі хворых і пацярпелых у медычныя ўстановы.
iar/dw/эж