ЗША бяруць пад увагу магчымасць байкоту зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2022 годзе, заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс. Цяпер Вашынгтон абмяркоўвае згаданае пытанне са сваімі хаўруснікамі. Кітай раней папярэдзіў пра наступствы такога кроку.
Нагадваем Захад крытыкуе Кітай за палітыку ў Сіньцзяне – рэгіёне размешчаным на паўночным захадзе краіны. Паводле следчых ААН, у згаданым рэгіёне дзейнічаюць лагеры, дзе ўлады ўтрымліваюць больш за мільён уйгураў. Некаторыя заходнія палітыкі лічаць, што ў Сіньцзяне адбываецца генацыд. Кітайскія ўлады катэгарычна адкідаюць гэтыя абвінавачванні.
У сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Сіньцзяне Еўрапейскі Саюз, Вялікабрытанія, Канада і ЗША ўвялі санкцыі супраць некаторых кітайскіх чыноўнікаў і кампаній, якія падазраюцца ў атрыманні прыбытку ад прымусовай працы. Кітай адказаў аналагічнымі санкцыямі супраць прадстаўнікоў гэтых краін.
Нагадваем, Кітай прымаў летнія Алімпійскія гульні ў 2008 годзе. Тады праваабарончыя арганізацыі таксама заклікалі да байкоту найбуйнейшай у свеце спартыўнай падзеі з-за сітуацыі ў Тыбеце.
аз