Беларуская Служба

Урад ЗША аднаўляе вакцынацыю прэпаратам канцэрна Johnson & Johnson

24.04.2021 12:05
Гэтаму рашэнню папярэднічала заключэнне экспертаў, якія прыйшлі да высновы, што карысць ад вакцыны значна перавышае рызыку рэдкіх трамбозаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/ETIENNE LAURENT

Выкарыстанне вакцыны Johnson & Johnson у ЗША было спынена паўтары тыдні таму пасля выяўлення 6 выпадкаў утварэння тромбаў.

Урад ЗША загадаў сабраць больш падрабязныя дадзеныя па гэтым пытанні і перадаў справу на разгляд экспертам з Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў. Яны выявілі 15 выпадкаў утварэння тромбаў у жанчын ва ўзросце да 50 гадоў. Трое з іх памерлі, а сямёра былі шпіталізаваны.

Аднак эксперты аднагалосна рэкамендавалі аднавіць выкарыстанне вакцыны кампаніі Johnson & Johnson, адзначыўшы, што яе атрымалі амаль 8 мільёнам амерыканцаў, а гэта азначае, што тромбы надзвычай рэдкія ўскладненні, а карысць значна перавышае рызыку іх утварэння.

Дырэктар Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў др. Рашэль Валенскі выказала сваю перакананасць, што рашэнне спыніць вакцынацыю, каб старанна даследаваць маштаб тромбаўтварэння, павышае давер да вакцыны Johnson & Johnson.

На сённяшні дзень у ЗША зроблена 220 мільёнаў прышчэпак. Больш за палова дарослых амерыканцаў атрымалі ўжо першую дозу прэпаратаў. Больш за 95% з іх атрымалі вакцыны фірм Pfizer альбо Moderna.

ПР/юл