Беларуская Служба

Кітай блізкі да запуску касмічнай станцыі

01.11.2021 12:06
Пекін адправіў на арбіту другую каманду касманаўтаў для будаўніцтва касмічнай станцыі Tiangong («Нябесны палац»).
Ілюстрацыйны здымакImage by WikiImages from Pixabay/CC0

Згодна з планам, станцыя павінна пачаць працаваць у 2022 годзе. Там павінна адбыцца больш за 1000 эксперыментаў у розных галінах навукі, у тым ліку праект, створаны сумесна з даследчыкамі з Польшчы.

Улады Кітая заяўляюць аб гатоўнасці супрацоўнічаць з замежнымі навукоўцамі, але ёсць асцярогі, што гэтаму супрацоўніцтву можа перашкодзіць геапалітычная напружанасць. На думку экспертаў, Пекін хоча паказаць свету, што асваенне космасу не павінна грунтавацца на ЗША. Некаторыя заходнія аглядальнікі занепакоеныя больш шырокім развіццём касмічных тэхналогій Кітая, у тым ліку вайсковага прызначэння.

Спачатку ў красавіку 2021 года, Кітай вывеў на арбіту ключавы элемент станцыі, жылы модуль Tianhe («Гармонія нябёсаў»). Ён крыху большы за гарадскі аўтобус і можа змясціць да трох касманаўтаў або нават шасці падчас ратацыі экіпажа на працягу доўгага часу. Зараз экіпаж з трох чалавек знаходзіцца там агулам паўгода, тэсціруе тэхнічныя рашэнні перад увядзеннем станцыі ў эксплуатацыю.

Модуль абсталяваны докамі для грузавых і пілатуемых касмічных караблёў, якія будуць рэгулярна наведваць Tiangong. Аўтаматызаваныя машыны Tianzhou («нябесны карабель») дастаўляюць на станцыю прадукты, запчасткі ды паліва. Касманаўты прыбываюць на станцыю на борце карабля з серыі Shenzhou («Боскі карабель»).

У 2022 годзе да станцыі плануюць дадаць два даследчыя модулі: Wentian («Пытанне да нябёсаў») і Mengtian («Мара аб нябёсах»). Там павінны адбыцца эксперыменты ў галіне біятэхналогій, медыцыны, гама-выпраменвання, мікрагравітацыі і касмічных матэрыялаў.

ПР/юл