На фоне апасенняў ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну Кіеў у рамках сваёй стратэгіі бяспекі пашырае спіс ваеннаабавязаных за кошт жанчын. У гэтым спісе каля 100 канкрэтных прафесій з 35 сфер прафесійнай дзейнасці.
Гэта не толькі тэхнічныя і інжынерныя спецыяльнасці. На ўлік у ваенкамат павінны стаць і музыканты, музейныя і тэатральныя работніцы, бібліятэкары, журналісткі, сацыяльныя работніцы, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, юрысты, бухгалтары. Гэтыя і іншыя прафесіі Мінабароны Украіны палічыла "роднаснымі адпаведным ваенна-ўліковым спецыяльнасцям".
За ўхіленне ад уліку прадугледжаны штраф: калі гэта адбылося ўпершыню, то 510-850 грыўняў (17-28 еўра), калі паўторна, то 850-1700 грыўняў (28-55 еўра). Належыць выплаціць штраф і кіраўнікам кампаній і арганізацый, якія спрыяюць ухіленню ад пастаноўкі на ўлік - ад 5100 да 8500 грыўняў (170-280 еўра).
Мэта новаўвядзення - высветліць, якія спецыялісты ёсць у краіне, і хто з іх у выпадку неабходнасці можа быць прыцягнуты да абароны дзяржавы, тлумачаць ва Узброеных сілах Украіны. Гэта не мабілізацыя, падкрэсліваюць у войску. "Гаворка ідзе толькі пра ўлік, а не аб прызыве або якой-небудзь іншай абавязковай форме прыцягнення жанчын у войска", – цытуе інфармацыйнае агенцтва Мінабароны Украіны кіраўніка Кіеўскага абласнога цэнтра камплектавання і сацпадтрымкі (ваенкамата) Валерыя Куцэнку.
Ставіць на ўлік будуць жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў і толькі пасля праверкі прафесійнай кваліфікацыі і стану здароўя, але незалежна ад сямейнага становішча і наяўнасці дзяцей. Аднак нават ва ўмовах усеагульнай мабілізацыі, якую прэзідэнт Уладзімір Зяленскі дапусціў у выпадку нападу Расіі на Украіну, далёка не ўсе ваеннаабавязаныя па законе падлягаюць прызыву на ваенную службу.
У новым загадзе размова ідзе аб сотнях тысяч жанчын, падлічылі ў абаронным ведамстве Украіны. А кіраўніца ўкраінскага экспертнага рэсурсу "Гендэр у дэталях" Тамара Злобіна зыходзіць з таго, што гэтыя змены закрануць мільёны грамадзянак краіны, якіх Мінабароны проста паставіла перад фактам. Аднак крытыкі лічаць загад Мінабароны аб пастаноўцы новых катэгорый жанчын на ваенны ўлік цяжкавыканальным.
Паводле Deutsche Welle / вх