Сітуацыя, звязаная з нелегальнай міграцыяй у Літве, стабілізуецца - ацэньваюць улады гэтай краіны. Памежнікі за апошнія суткі не зафіксавалі ніводнай спробы прарыву беларуска-літоўскай мяжы. Аднак частка мігрантаў спрабуе трапіць на тэрыторыю Еўрасаюза праз Латвію.
Пра сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы ў віленскім радыё Znad Wilii распавёў намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Віталіюс Дзмітрыевас. "Сітуацыя крыху стабілізавалася. Прынятыя прэвентыўныя меры прыносяць плён. Я думаю, што беларускі рэжым не чакаў ад Літвы такіх крокаў", — сказаў міністр. У апошнія дні некалькі чалавек спрабавалі нелегальна трапіць у Літву з Беларусі. Дзмітрыевас адзначыў, што Вільня імкнецца цалкам не дапусціць перасячэння мяжы ў забароненых месцах. Ён таксама нагадаў, што работы, звязаныя з будаўніцтвам фізічнага бар'ера, працягваюцца. Да гэтага часу ўстаноўлена каля 150 км агароджы з калючага дроту.
Тым часам некаторыя нелегальныя мігранты ўжо некалькі тыдняў спрабуюць трапіць у Латвію. У апошні дзень там было амаль сорак спробаў перасячэння мяжы. У пятніцу і суботу латвійскія службы вярнулі ў Беларусь больш за 160 мігрантаў.
IAR PR/нг