Сёння трохдзённы візіт ва Украіне распачынае кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль. Еўракамісія паведамляе, што візіт павінен падкрэсліць падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з боку ЕС.
Візіт адбываецца падчас узмацнення канцэнтрацыі расійскіх войскаў на мяжы з Украінай і падчас гібрыдных аперацый Масквы. Кіраўнік дыпламатыі ЕС сустрэнецца ў Кіеве з прадстаўнікамі ўладаў, але спачатку разам з украінскім міністрам замежных спраў накіруецца на ўсход краіны.
Прэзідэнт Украіны, які пабываў у Бруселі некалькі дзён таму, заявіў, што не ўсе ў Еўропе разумеюць, што адбываецца на ўсходзе краіны. «Калі нехта прыязджае да нас у госці, я заўсёды кажу, каб ён накіраваўся на Данбас і паглядзеў на ўласныя вочы, што там адбываецца. Цяпер таксама важна, каб Расія разумела, што за далейшую эскалацыю яна заплаціць вялікую цану», – сказаў Уладзімір Зяленскі.
Нагадваем, надоечы Еўрасаюз прыгразіў Расіі жорсткімі санкцыямі, калі яна зноў нападзе на Украіну.
IAR /аз