Беларуская Служба

Брытанскі прынц Эндру пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў і патранажа з-за сексуальнага скандалу

14.01.2022 11:26
Сыну Лізаветы II прынцу Эндру забаронена карыстацца тытулам "Яго каралеўская вялікасць". У ЗША яго абвінавачваюць у згвалтаванні непаўналетняй.
Аўдыё

Каралева Вялікабрытаніі Лізавета II пазбавіла свайго сына, прынца Эндру, усіх воінскіх званняў, а таксама каралеўскага патранажу.

Афіцыйная заява Букінгемскага палаца аб гэтым рашэнні было апублікавана ў чацвер, 13 студзеня.

 

"Герцаг Ёркскі і далей не будзе выконваць грамадскіх абавязкаў (у якасці члена каралеўскай сям'і. – Рэд.), а таксама будзе выступаць на гэтым судовым працэсе ў якасці прыватнай асобы", – падкрэсліваецца ў заяве.

У ЗША на брытанскага прынца падалі ў суд за згвалтаванне непаўналетняй.

Прынц Эндру абвяргае абвінавачванні ў згвалтаванні Вірджыніі Джуфрэ. Меркаваная ахвяра – 38-гадовая амерыканка Вірджынія Джуфрэ – сцвярджае, што ў непаўналетнім узросце была "пазычаная" сыну Лізаветы II амерыканскім фінансістам Джэфры Эпштэйнам, асуджаным за арганізацыю прастытуцыі з удзелам непаўналетніх.

Цяпер Джуфрэ патрабуе ад прынца кампенсацыі шкоды.

Эндру абвяргае абвінавачванні, сцвярджаючы, што не знаёмы з Вірджыніяй Джуфрэ, і называе падробкай фатаграфію, дзе ён зафіксаваны разам з 17-гадовай Джуфрэ, а таксама з Гіслейн Максвел, якую прызналі вінаватай у вярбоўцы непаўналетніх для Эпштэйна.

Прынц Эндру, Вірджынія Робертс (цяпер Джуфрэ) і Гіслейн Максвел у 2001 годзе
Прынц Эндру, Вірджынія Робертс (цяпер Джуфрэ) і Гіслейн Максвел у 2001 годзе

Фармальна прынц Эндру адмовіўся ад афіцыйных абавязкаў яшчэ ў 2019 годзе на фоне скандалу, які разгарэўся пасля таго, як сын брытанскай каралевы заявіў, што не шкадуе пра сваё сяброўства з Джэфры Эпштэйнам.

Хаця ўсе ваенныя тытулы прынца былі часова адкліканы, намінальна ён да сённяшняга дня захоўваў за сабой пасады. Цяпер прынцу забаронена карыстацца тытулам "Яго каралеўская вялікасць" і займацца дабрачыннай дзейнасцю ад імя каралеўскай сям'і.

Deutsche Welle / вх