Беларуская Служба

Няўрадавыя арганізацыі ў Грузіі патрабуюць увядзення візаў для грамадзян Расіі

17.08.2022 20:01
Яны таксама пераконваюць, што ўзмацненне кантролю за іх знаходжаннем у Грузіі – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі.
 .
Сцяг Грузіі. Photo: Laila/pixabay.com/CC0 Public Domain

Грузінскія грамадскія арганізацыі запатрабавалі неадкладнага ўвядзення візаў для грамадзян Расіі. У сумеснай заяве яны звяртаюць увагу на парушэнне Масквой правоў чалавека і міжнародных стандартаў; асуджаюць расійскае ўварванне ва Украіну і нагадваюць, што армія Уладзіміра Пуціна акупуе 25 працэнтаў тэрыторыі Грузіі.

Пасля грузінска-расійскай вайны ў 2008 годзе Грузія разарвала дыпламатычныя адносіны з Расіяй. Адначасова абедзве краіны ўвялі візавы рух паміж сабой. Візавы абавязак для грамадзян Расійскай Федэрацыі быў адменены прэзідэнтам Міхаілам Саакашвілі ў 2011 годзе. З таго часу тысячы расійскіх турыстаў штогод прыязджаюць у Грузію, а расійскія прадпрымальнікі адкрываюць там кампаніі. Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну дзясяткі тысяч расіян прыехалі ў Грузію, каб схавацца ад вайны і рэпрэсій.

У адмысловай заяве грузінскія няўрадавыя арганізацыі адзначылі, што ўвядзенне візаў для грамадзян Расіі і ўзмацненне кантролю за іх знаходжаннем у Грузіі – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі.
Аўтары заявы нагадваюць, што Масква неаднаразова ўмешвалася ва ўнутраныя справы іншых краін і нават нападала на суседнія дзяржавы нібыта з мэтай абароны інтарэсаў грамадзян Расіі і мясцовага рускамоўнага насельніцтва.

IAR/аз

Віцэ-кіраўнік польскага МЗС: Забарона на выдачу візаў расіянам мае большы сэнс толькі на еўрапейскім узроўні

17.08.2022 12:02
Еўропа не павінна быць адкрытай для людзей, якія падтрымліваюць палітыку Уладзіміра Пуціна, лічыць Марцін Пшыдач.