У звароце гаворыцца, што спецслужбы Расійскай Федэрацыі рыхтуюць правакацыі на тэрыторыі Беларусі. Мэтай іх тэрактаў могуць быць аб'екты крытычнай інфраструктуры ў тым ліку атамная электрастанцыя ў Астраўцы. УСУ нагадваюць пра страшныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г.
«Сёння Расія дазваляе сабе шантажаваць увесь свет пагрозай выкарыстання ядзерных абʼектаў і тэхналогіі, захоплівае электрастанцыі, перашкаджае працы персаналу, з мэтай псіхалагічнага ціску дэманструе абстрэлы і адключэнні сістэм бяспекі Запарожскай АЭС.
Кіраўніцтву РФ напляваць на жыцці расійскіх грамадзян, тым больш на жыцці беларусаў і ўкраінцаў. Іх метады не новыя: тэрор, запалохванне, аперацыі пад чужым знакам усё гэта выкарыстоўваецца дзеля адной мэты: любым шляхам уцягнуць Беларусь у вайну з Украінай, кроўю і нянавісцю раздзяліць нашы народы», – гаворыцца ў звароце.
Узброеныя сілы Украіны заклікаюць беларусаў патрабаваць ад свайго кіраўніцтва няўхільнага прытрымлівання 18 артыкула Канстытуцыі РБ, у адпаведнасці якога Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў.
«Не дазваляйце ўцягваць вас у вайну яшчэ больш!» – заклікаюць украінцы і просяць адсочваць усе падазроныя дзеянні асабліва ў абʼектах крытычнай інфраструктуры і інфармаваць аб гэтым сусветную грамадскую думку.
У звароце зазначаецца, што нягледзячы на абстрэлы і наступленні расійскай акупацыйнай арміі з тэрыторыі Беларусі, Украіна не лічыць краіну беларусаў і беларускі народ ворагамі.
УСУ выказваюць афіцыйную пазіцыю сваёй дзяржавы: Украіна не плануе праводзіць ніякіх агрэсіўных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.
яс