Беларуская Служба

UNICEF занепакоены скарачэннем прышчэпак сярод дзяцей

20.04.2023 11:01
Міжнародная арганізацыя папярэджвае, што з-за пандэміі каранавіруса колькасць планавых прышчэпак сярод дзяцей знізілася.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Katja Fuhlert z Pixabay/CC0

UNICEF апублікаваў справаздачу, у якой вынікае, што з 2019 па 2022 гады колькасць дзяцей, якія атрымалі найбольш распаўсюджаныя прышчэпкі, скарацілася на 67 мільёнаў.

Аўтары справаздачы паказваюць, што за апошнія тры гады 48 мільёнаў дзяцей наогул не пачыналі вакцынацыю, а яшчэ 20 мільёнаў пацыентаў спынілі вакцынацыю, не атрымаўшы апошнюю неабходную дозу. Дадзеныя датычацца, у прыватнасці, вакцынацыі супраць адру і поліяміеліту. Аўтары дакладу паказваюць, што асноўнай прычынай зніжэння колькасці прышчэпак сталі праблемы з даступнасцю медыцынскага абслугоўвання падчас пандэміі каранавіруса.

Паводле дадзеных UNICEF, колькасць прышчэпак сярод дзяцей знізілася ў 112 краінах свету, найбольш у краінах Афрыкі і Паўднёвай Азіі. Працэнт прышчэпленых дзяцей ва ўсім свеце знізіўся на пяць працэнтных пунктаў да 81 працэнта. Цяпер ён знаходзіцца на самым нізкім узроўні з 2008 года.

Эксперты UNICEF асцерагаюць, што гэта можа прывесці да распаўсюджвання захворванняў. Яны сведчаць, што ў 2022 годзе ў параўнанні з папярэднім годам колькасць выпадкаў адру вырасла ў два разы. Да ўвядзення вакцыны ў 1963 годзе штогод ад гэтай хваробы памірала каля 2,6 мільёна чалавек - у асноўным дзеці. Да 2021 года колькасць смерцяў ад адру знізілася да 128 000 чалавек.

У справаздачы UNICEF гаворыцца, што "дасягненні ў галіне імунізацыі дзяцей, якія былі зроблены на працягу апошняга дзесяцігоддзя, былі знішчаны". Арганізацыя мяркуе, што будзе цяжка павялічыць ахоп вакцынацыяй да ўзроўню 2018 года, і заклікае ўрады павялічыць выдаткі на планавыя дзіцячыя прышчэпкі.

ПР/юл