Беларуская Служба

Украінскія ўлады дазволілі дэмантаваць помнікі Пушкіну і Шчорсу ў Кіеве

11.11.2023 13:42
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне знеслі не менш за 80 помнікаў савецкага перыяду.
Ілюстрацыйнае фотаObraz Роман Распутин z Pixabay/CC0

Кабінет міністраў Украіны прыняў рашэнне аб выкасаванні з дзяржаўнага рэестра помнікаў культурнай спадчыны нацыянальнага значэння помніка паэту Аляксандру Пушкіну на Брэсцкім праспекце, помніка бальшавіку Мікалаю Шчорсу на бульвары Тараса Шаўчэнкі, а таксама магілы генерала арміі Мікалая Ватуціна ў Марыінскім парку ў Кіеве.

З рэестра выдалілі таксама помнікі Пушкіну ў Жытоміры, Харкаве і Адэсе, князю Міхаілу Варанцову ў Адэсе, палкаводцу Аляксандру Сувораву ў Ізмаіле, адміралу Фёдару Ушакову ў Херсоне, помнік «Украіна - вызваліцелям» у Ужгарадзе і мемарыяльны комплекс «Змагарам рэвалюцыі».

Пасля скрэслення таго ці іншага помніка з рэестра становіцца магчымым яго дэмантаж.

Дэкамунізацыя ва Украіне пачалася ў 2014 годзе, а ў красавіку гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон, паводле якога нельга называць геаграфічныя аб'екты ў гонар дат, людзей і падзей, якія звязаны з расійскай ці савецкай гісторыяй.

Крыніца: ВВС