Амерыканскія заканадаўцы вярнуліся да працы пасля трохтыднёвых канікулаў, працягнуўшы працу над пагадненнем аб ахове межаў ЗША, у абмен на якое рэспубліканцы гатовы падтрымаць выдзяленне дадатковай дапамогі Украіне.
«Мы бліжэй да пагаднення, чым на пачатку перамоваў. Мне хацелася б, каб рэспубліканскія сенатары падтрымалі дапамогу Украіне, таму што яны вераць ва Украіну. Мне не падабаецца, што мы абумоўліваем падтрымку Украіны прыняццем рашэння па самым цяжкім пытанні амерыканскай палітыкі – іміграцыйнай рэформе», – заявіў сенатар-дэмакрат Крыс Мэрфі, адзін з вядучых перагаворшчыкаў.
«Мы прыкладаем усе намаганні, каб дасягнуць пагаднення аб паляпшэнні сітуацыі на мяжы. Але таксама важна памятаць, што свет літаральна знаходзіцца ў стане вайны. Нам трэба ўхваліць дадатковае фінансаванне, і добрае палажэнне аб абароне мяжы павінна быць часткай яго», – заявіў лідар рэспубліканскай меншасці ў Сенаце Мітч Макконэл.
Белы дом накіраваў у Кангрэс запыт аб выдзяленні дадатковых сродкаў на нацыянальную бяспеку, які таксама ўключае фінансаванне аховы межаў, прыкладна 14 мільярдаў долараў на дапамогу Ізраілю і грошы для Тайваня для супрацьдзеяння пагрозе з боку Кітая.
ЗША выдзелілі больш за 100 мільярдаў долараў на ўзбраенне і падтрымку Кіева з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ў лютым 2022 года, і прэзідэнт Джо Байдэн запытаў у Кангрэса яшчэ 60 мільярдаў.
VoA/ez