У Расіі ўсё больш людзей падтрымліваюць кандыдатуру Барыса Надзеждзіна, які хоча ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Палітык, вылучаны групай «Грамадзянская ініцыятыва», павінен сабраць 100 тысяч подпісаў да 31 студзеня.
Учора расійскія незалежныя СМІ паведамілі, што ён сабраў ужо больш за 80 тысяч подпісаў. Прэзідэнцкія выбары ў Расіі прызначаныя на 17 сакавіка.
Ужо некалькі дзён расійскія незалежныя СМІ паведамляюць, што да офісу Барыса Надзеждзіна выстройваюцца вялікія чэргі. На думку каментатараў, патэнцыйны супернік дыктатара Уладзіміра Пуціна стаў папулярным сярод выбаршчыкаў дзякуючы таму, што выступіў супраць вайны ва Украіне. «Людзі хочуць нармальнасці», – заявіў у эфіры «Радыё Свабода» палітолаг Абас Галямаў.
Сам Барыс Надзеждзін у размове з публіцысткай Кацярынай Шульман запэўніў, што гатовы змагацца за свой удзел у выбарах і не дасць сябе запалохаць. «У маім жыцці былі страх, боль і смерць, таму ў мяне ёсць вопыт. Вось чаму я адчуваю, што мяне нельга запалохаць. Я гатовы на ўсё», – сказаў кандыдат.
Некаторыя незалежныя аглядальнікі папярэджваюць, што з ростам папулярнасці Барыса Надзеждзіна яго шанцы быць зарэгістраваным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах змяншаюцца. Каментатары не выключаюць, што палітыка не дапусцяць да выбараў.
ав