Кіеў хоча міжнароднага расследавання авіякатастрофы пад Белгарадам, а Масква – склікання Рады бяспекі ААН.
Нагадваем, ваенна-транспартны самалёт Іл-76 разбіўся ўчора каля вёскі Ябланава, прыкладна за сто кіламетраў ад расійска-ўкраінскай мяжы.
Украінская выведка паведаміла, што на борце знаходзіліся ракеты С-300, а Мінабароны Расіі – што 65 украінскіх ваеннапалонных. Расія абвінаваціла Украіну ў збіцці самалёта, а ўкраінская ваенная выведка абвінаваціла Расію ў правакацыі і наўмысных дзеяннях, якія пагражаюць жыццю ваеннапалонных.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што неабходна ўстанавіць усе факты «паветранай катастрофы» расійскага самалёта:
- Трэба ўстанавіць усе факты. Наколькі гэта магчыма, улічваючы, што авіякатастрофа адбылася на тэрыторыі Расіі, па-за нашым кантролем. Цяпер факты – гэта ў асноўным словы. Я пазнаёміўся з дакладам Генштаба аб прымяненні авіяцыі. Служба бяспекі Украіны высвятляе ўсе абставіны здарэння. Я даручыў міністру замежных спраў праінфармаваць партнёраў аб наяўнай інфармацыі па гэтым пытанні. Мы будзем дамагацца міжнароднага расследавання.
З-за катастрофы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адмяніў свае планы паездак, а таксама адмяніў святкаванне свайго дня нараджэння.
У высвятленне абставінаў катастрофы ўмяшаліся ЗША. Аднак прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі заявіў, што пакуль у яго недастаткова ведаў, каб фармуляваць ацэнкі.
Сёння а 23.00 (паводле польскага часу) адбудзецца экстранае паседжанне Рады бяспекі ААН, на якім будуць абмяркоўвацца абвінавачванні Масквы па справе збіцця самалёта.
IAR/аз