Беларуская Служба

Бяспека і дапамога Украіне – галоўныя тэмы візіту спікера польскага Сейма ў Літву

05.02.2024 13:03
Спікер польскага Сейма Шыман Галоўня знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Літву.
         -  -
Спікеры Сеймаў Польшчы і Літвы Шыман Галоўня і Вікторыя Чміліце-Нільсен на прэс-канферэнцыі ў ВільніPAP/Leszek Szymański

Пытанне бяспекі, дапамога Украіне, пакет далейшых санкцый супраць Расіі, а таксама справы палякаў, якія жывуць у Літве – гэта найважнейшыя тэмы, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы спікера польскага Сейма Шымана Галоўні і спікеркі літоўская Сейма Вікторыі Чміліце-Нільсен у Вільні. Нагадваем, Шыман Галоўня (Szymon Hołownia) знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Літву.

Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі польскі палітык запэўніў, што Літва і краіны Балтыі заўсёды будуць стратэгічным партнёрам Польшчы ў будаўніцтве еўрапейскай і сусветнай бяспекі:

- Мы гаварылі пра важнасць ваеннага супрацоўніцтва і важнасць падтрымкі Украіны, як у фінансавым, так і вайсковым аспекце і на еўрапейскім узроўні. Мы гаварылі таксама пра чарговы пакет санкцый супраць Расіі, які павінен быць максімальна шчыльным для рэжыму Пуціна.

Спікерка літоўскага Сейма паведаміла, што падчас сустрэчы з польскім палітыкам таксама закраналіся пытанні сумесных дзеянняў у дачыненні да Беларусі.

У Вільні Шыман Галоўня сустрэўся таксама з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. У планах таксама размовы з прэм'еркай Інгрыдай Шыманіце, з палякамі, якія жывуць у Літве, са студэнтамі Віленскага ўніверсітэта.

IAR/аз

Пашырэнне эканамічных адносін – галоўная мэта турнэ польскага прэзідэнта па краінах Усходняй Афрыкі

05.02.2024 10:05
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і першая лэдзі наведаюць тры афрыканскія краіны: Кенію, Руанду і Танзанію.