Беларуская Служба

Ізраіль вызваліў яшчэ двух закладнікаў ХАМАС

12.02.2024 17:06
Ізраільскае войска вызваліла двух закладнікаў, якія ўтрымліваліся тэрарыстамі ХАМАС.
Strefa gazy
Strefa gazyAnas-Mohammed/ Shutterstock

Аперацыя была праведзена салдатамі і афіцэрамі арміі, разведкі і паліцыі ў Рафаху ў сектары Газа. Вызваленыя 60-гадовы Фернанда Сайман Марман і 70-гадовы Норберта Луіс Хар. Абодва былі выкрадзеныя з кібуца Нір Іцхак падчас нападу ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года.

Як паведамляе Times of Israel, здароўе абодвух мужчын здавальняючае. Іх даставілі ў шпіталь горада Рамат-Ган для абследавання. Гэта другая паспяховая аперацыя па выратаванні закладнікаў з пачатку вайны Ізраілю з ХАМАС.

Тым часам, паводле дадзеных заходніх агенцтваў, у начных налётах ізраільскай арміі на Рафах у Сектары Газа загінулі прынамсі 52 чалавекі. Горад, размешчаны на мяжы з Егіптам, з'яўляецца апошнім прытулкам для палестынцаў, якія ратуюцца ад ізраільскіх бамбаванняў і нападаў. Мяркуецца, што там пражывае прыкладна мільён 400 тысяч палестынцаў, гэта значыць больш за палову насельніцтва Сектара Газа, якія ў размовах з замежнымі журналістамі апісваюць сваё становішча як «безнадзейнае».

«У мяне дзве цяжкахворыя дачкі, і я не магу далей. Мы памром тут, або вернемся ў свае дамы і памром там», – кажа адзін з бежанцаў.

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галант падкрэслівае, што ізраільскія салдаты, якія ваююць супраць ХАМАСу, дасягнулі крытычных кропак, дзе хаваюцца тэрарысты.

«Мы выкарыстоўваем іх інтэлект супраць іх саміх. Мы знішчаем іх зброю. Гэта вынік нашага пранікнення ў структуры і магчымасці ХАМАС», – дадае Ёаў Галант.

Прэмʼер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху загадаў арміі падрыхтаваць наземную атаку на Рафах. ХАМАС папярэдзіў Ізраіль, што напад на горад паставіць пад пагрозу перамовы аб вызваленні закладнікаў.

IAR/вх