Беларуская Служба

У Парыжы паяснілі словы Эмануэля Макрона аб магчымасці высылкі заходніх войскаў ва Украіну

28.02.2024 13:47
На думку кіраўніка МЗС Францыі, такімі патрэбамі маглі б стаць кіберабарона, вытворчасць зброі ва Украіне і размініраванне. 
    ()
Разлі САУ УС Украіны (ілюстрацыя)Фота: General Staff of the Armed Forces of Ukraine/FB

Заходнія ваенныя тэарэтычна маглі б удзельнічаць у «спецыяльных аперацыях» на тэрыторыі Украіны, не ўступаючы пры гэтым у баявыя дзеянні, – заявіў у аўторак, 27 лютага, міністр замежных спраў Францыі Стэфан Сежурнэ, выступаючы перад французскімі парламентарыямі. Паводле яго, трэба «разгледзець новыя формы для падтрымкі Украіны, якія могуць быць накіраваны на спецыфічныя патрэбы».

На думку кіраўніка МЗС Францыі, такімі патрэбамі маглі б стаць кіберабарона, вытворчасць зброі ва Украіне і размініраванне. «У некаторых выпадках такія актыўнасці могуць запатрабаваць прысутнасці на ўкраінскай тэрыторыі, без таго каб перасягнуць парог удзелу ў вайне», – адзначыў дыпламат, удакладніўшы, што з улікам расійскіх атак і той дэстабілізацыі, якую яны выклікаюць у Еўропе, «падтрымка Украіны павінна быць павялічана».

Тым часам, разважанні аб тым, ці магчыма задзейнічаць наземныя войскі заходніх краін на тэрыторыі Украіны, прынцыпова дапушчальныя, заявіў у той жа дзень кіраўнік Мінабароны Літвы Арвідас Анушаўскас. Паводле яго, калі літоўскія войскі маглі б быць накіраваны ва Украіну, то толькі ў навучальных, але не ў ваенных мэтах. Галоўным прыярытэтам на гэты момант застаецца падтрымка Украіны зброяй і боепрыпасамі, падкрэсліў літовец.

Нагадаем, 26 лютага, выступаючы ў Парыжы пасля заканчэння канферэнцыі па дапамозе Украіне, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон не выключыў, што заходнія сухапутныя войскі могуць быць задзейнічаны ва Украіне.

pap/dw/эж