Беларуская Служба

Харватыя стварае міжнароднае падраздзяленне паліцыі для барацьбы з нелегальнай міграцыяй

05.03.2024 16:01
Краіна з'яўляецца адным з калідораў балканскага маршруту, праз які мігранты спрабуюць нелегальна трапіць у Заходнюю Еўропу.
Сцяг ХарватыіWebsi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністр замежных справаў Харватыі Давар Бажынавіч абвясціў пра стварэнне спецыяльнага падраздзялення паліцыі для барацьбы з нелегальнай міграцыяй. У яго складзе будуць функцыянеры з некалькіх краін.Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Пентка:

- Улады Харватыі, якія маючы ўсё большыя праблемы з арганізаванай кантрабандай людзей, вырашылі супрацоўнічаць з іншымі краінамі па гэтай справе. Урады Босніі і Герцагавіны, Славеніі і Германіі падтрымалі ініцыятыву стварэння спецпадраздзялення паліцыі. Група, якая прыме назву «Зебра», будзе створана пад эгідай «Еўрапола».

«Гэта найкарацейшы шлях паміж Босніяй і Герцагавінай і Славеніяй, таму мігранты, якія насамрэч шукаюць самы хуткі шлях у Заходнюю Еўропу, выбіраюць гэты маршрут», – сказаў нядаўна міністр Давар Бажынавіч.

Аб маштабе праблемы, з якой сутыкаецца Харватыя, сведчыць той факт, што сёлета паліцыя краіны злавіла ўдвая больш кантрабандыстаў, чым за аналагічны перыяд 2023 года. У Харватыі былі арыштаваныя 435 чалавек, падазраваных у гэтым злачынстве.

Харвацкі міністр, каментуючы ініцыятыву стварэння падраздзялення сказаў, што для любой паліцыі ў свеце акцыя супраць такой колькасці людзей, якія займаюцца кантрабандай, была б вялікай праблемай.

Харватыя зʼяўляецца адным з калідораў так званага балканскага маршруту, праз які жыхары многіх бедных рэгіёнаў свету спрабуюць нелегальна трапіць у Заходнюю Еўропу.

IAR/аз