Беларуская Служба

Адносіны Чэхіі са Славакіяй ніколі не былі так напружаныя. Прычына – вайна ва Украіне

07.03.2024 13:34
Чэскі ўрад адмяніў запланаваную сустрэчу са славацкім кабінетам міністраў. У Браціславе адказалі: вы ахвяруеце нашымі адносінамі дзеля вайны ва Украіне.
.
.Foto: pixabay.com/CC0

«Lidove Noviny», якія выходзяць у Празе, пішуць, што чэскія стасункі са Славакіяй найбольш напружаныя з моманту стварэння дзвюх незалежных дзяржаваў у 1993 годзе. У аўторак вечарам чэскі ўрад адмяніў запланаваную сустрэчу са славацкім кабінетам міністраў. У Браціславе адказалі: вы ахвяруеце нашымі адносінамі дзеля вайны ва Украіне.

Прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіала абвясціў у сераду, што міжурадавыя кансультацыі, якія дагэтуль праводзіліся як мінімум раз на год, у бліжэйшы час не адбудуцца. «Са Славакіяй у нас шмат агульных пытанняў. Аднак ёсць і істотныя разыходжанні ў поглядах па ключавых знешнепалітычных тэмах», – абгрунтаваў рашэнне Фіала.

Канкрэтнай прычынай стала сустрэча міністра замежных спраў Славакіі Юрая Бланара з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым на форуме ў Турцыі на мінулым тыдні.

Рэакцыя славацкага прэм’ер-міністра Робэрта Фіцо прагучала адразу пасля заявы Фіялы: «Чэскі ўрад вырашыў паставіць пад пагрозу славацка-чэскія адносіны толькі таму, што зацікаўлены ў падтрымцы вайны ва Украіне, у той час як славацкі ўрад кажа пра мір».

Акрамя ўжо згаданай адмены сумеснага пасяджэння кабінета міністраў, чэхі, хутчэй за ўсё, не вырашаць арганізаваць сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін Вышаградскай групы, якая была запланавана на 21 сакавіка гэтага года ў Празе.

Славацкая штодзёнка «SME», адно з выданняў, варожых цяперашняй кіруючай кааліцыі ў Браціславе, у чацвер працытавала Петэра Вайса, былога амбасадара Славаччыны ў Празе, а раней лідара посткамуністычных левых:

«Мы знаходзімся ў найвялікшым крызісе бяспекі нашага часу. Пасля выбараў у ЗША сітуацыя ў НАТА можа рэзка змяніцца, Расія валодае ініцыятывай на ўкраінскім фронце, а славацкае грамадства вельмі палярызаванае і расколатае. Страта даверу саюзнікаў і паралельнае прыстасаванне да Расіі стварае сурʼёзную пагрозу бяспецы», – сказаў на заканчэнне Вайс.

ав