Беларуская Служба

Байдэн: Амерыка не адмовіцца ад падтрымкі Украіны

08.03.2024 10:03
Байдэн рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа за гатоўнасць адмовіцца ад саюзнікаў па НАТА, назваўшы заявы былога прэзідэнта небяспечнымі.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн EPA/SHAWN THEW / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у сваім штогадовым пасланні аб становішчы краіны заявіў, што Амерыка не адмовіцца ад падтрымкі Украіны. Байдэн рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа за гатоўнасць адмовіцца ад саюзнікаў па НАТА, назваўшы заявы былога прэзідэнта небяспечнымі.

Падчас свайго выступу перад аб'яднанымі палатамі Кангрэсу Джо Байдэн заявіў, што, уварваўшыся ва Украіну, Расія сее хаос па ўсёй Еўропе і за яе межамі.

«Калі нехта думае, што Пуцін спыніцца на Украіне, я вас запэўніваю, што гэтага не адбудзецца. Але Украіна можа спыніць Пуціна. Калі мы станем на бок Украіны і дамо ёй зброю, неабходную для абароны», – сказаў ён.

Джо Байдэн дадаў, што падтрымку Украіне блакуюць тыя, хто хоча, каб ЗША адмовіліся ад сусветнага лідарства. Ён указаў, у тым ліку, на Дональда Трампа.

«Прэзідэнт-рэспубліканец Рональд Рэйган заклікаў »спадар Гарбачоў, разбурыце гэтую сцяну. Цяпер мой папярэднік кажа Пуціну, цытую, «рабі, што хочаш» (…) Былы прэзідэнт кланяецца расійскаму лідару. «Я лічу, што гэта абуральна, небяспечна і недапушчальна».

Джо Байдэн заклікаў Кангрэс прыняць Акт аб падтрымцы Украіны.

«Маё пасланне прэзідэнту Пуціну, якога я ведаю даўно, простае. Мы не саступім, нас не зламаць», – сказаў ён.
Амерыканскі прэзідэнт ацаніў, што пасля пашырэння на Фінляндыю і Швецыю НАТА зʼяўляецца зараз наймацнейшым у гісторыі.

яс/Марэк Ваўкускі