Беларуская Служба

744 дзень поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну

08.03.2024 12:28
З 37 беспілотнікаў украінскай супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць 33. 
Вайна ва УкраінеEPA/Oleg Petrasyuk Dostawca: PAP/EPA.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляе, што за мінулыя суткі адбылося 86 прамых баявых сутыкненняў з расійскімі войскамі. Па ўкраінскіх пазіцыях і грамадзянскіх аб'ектах расійскія войскі нанеслі 4 ракетныя і 74 авіяўдары. Яны таксама здзейснілі больш за сотню артылерыйскіх абстрэлаў прыфрантавых гарадоў.

Ноччу расійскія войскі таксама атакавалі Украіну з дапамогай іранскіх беспілотнікаў «Шахед». З 37 беспілотнікаў украінскай супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць 33. У выніку расійскіх нападаў былі разбураныя жылыя дамы і грамадзянская інфраструктура. Таксама ёсць загінулыя і параненыя мірныя жыхары.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамляюць, што дадзеныя разведкі сведчаць аб прысутнасці расійскіх інжынерных войскаў уздоўж паўночнай мяжы краіны. Расіяне там рэгулярна павялічваюць шчыльнасць мінных палёў.

У сваю чаргу расійскія войскі па-ранейшаму спрабуюць прарваць абарону ўкраінскіх сіл. Сутычкі ідуць пад Аўдзееўкай, дзе ўкраінцы адбілі 23 прамыя атакі расійскіх войскаў. Сурʼёзныя баі ішлі таксама ў раёне Новапаўлаўкі на захад ад Данецка, дзе расійскія войскі 27 разоў спрабавалі прарваць украінскую абарону.

Украінскія войскі таксама вядуць наступальныя дзеянні, наносячы праціўніку значныя страты. За мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 11 авіяўдараў па фармаваннях расійскіх войскаў. Украінскія артылерыя і ракетныя войскі абстралялі расійскія пазіцыі і за апошнія суткі знішчылі групоўку войскаў з тэхнікай, дзве пазіцыі супрацьпаветранай абароны і склад паліва.

яс