Беларуская Служба

За апошнія суткі адбыліся 72 сутыкненні з расійскімі войскамі ва Украіне

12.03.2024 08:32
Генштаб Узброеных сіл Украіны паведамляе, што расіяне нанеслі 8 ракетных і 114 авіяўдараў па ўкраінскіх пазіцыях і цывільных аб'ектах. Яны таксама зладзілі больш за сотню артылерыйскіх абстрэлаў прыфрантавых гарадоў.
Ілюстрацыйны здымакEPA/KATERYNA KLOCHKO Dostawca: PAP/EPA.

Ноччу расіяне таксама атакавалі Украіну з дапамогай іранскіх беспілотнікаў Shahed. З 22 беспілотнікаў украінскай супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць 17. У выніку расійскіх атак былі знішчаныя жылыя дамы і цывільная інфраструктура ў Чарнігаўскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Запарожскай абласцях. Таксама ёсць загінулыя і параненыя мірныя жыхары.

На ўсходзе і поўдні Украіны расійскія войскі па-ранейшаму спрабуюць прарваць абарону ўкраінскіх сіл. Сутычкі ідуць пад Аўдзееўкай, дзе ўкраінцы адбілі 16 наўпроставых расійскіх атак. Сур'ёзныя баі ішлі таксама ў раёне Новапаўлаўкі на захад ад Данецка, дзе расійскія войскі 21 раз спрабавалі прарваць украінскую абарону. Украінскі штаб паведамляе, што па дадзеных выведкі расіяне рэгулярна павялічваюць шчыльнасць мінных палёў уздоўж паўночнай мяжы Украіны.

Украінскія войскі таксама вядуць наступальныя дзеянні, наносячы праціўніку значныя страты. За мінулыя суткі ўкраінцы восем раз атакавалі пазіцыі расійскіх войск, а таксама нанеслі ўдары па складах боепрыпасаў і тэхнікі.

ПР/юл