Беларуская Служба

Сілавікі праводзяць масавыя ператрусы ў мастакоў па ўсёй Расіі

12.03.2024 16:34
Гэта звязана з крымінальнай справай аб здрадзе дзяржавы супраць Пятра Вярзілава.
Ілюстрацыйны здымакObraz Anja z Pixabay/CC0

Ператрусы прайшлі ў мастакоў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацярынбурзе і Ўльянаўску, паведаміў праект «Сеткавыя свабоды».

У прыватнасці, вядома аб тым, што сілавікі прыйшлі да ўдзельнікаў арт-групы «Ява», да знаёмага мастака Philippenzo, а таксама да мастакоў Іллі Мазгі, Сашы Блота і Катрын Нянашовай. Апроч таго, ператрус прайшоў ва ўдзельніцы Pussy Riot Рыты Флорэс і ў кватэры маці Пятра Вярзілава Алены.

«Сеткавыя свабоды» адзначаюць, што ва Ўльянаўску пасля ператрусу затрымалі мастака Іллю Холтава. У Ніжнім Ноўгарадзе затрыманы мастак Арцём Філатаў. Катрын Нянашаву, да якой супрацоўнікі ФСБ прыйшлі сёння раніцай, даставілі на допыт.

Па дадзеных праекту «Сеткавыя свабоды», ператрусы ў мастакоў звязаныя з крымінальнай справай аб дзяржздрадзе супраць заснавальніка Pussy Riot і былога выдаўца «Медыязоны» Пятра Вярзілава.

11 сакавіка Маскоўскі гарадскі суд адмяніў прысуд Пятру Вярзілаву па справе аб «фэйках» пра войска, даслаўшы справу на новы разгляд з-за працэсуальных парушэнняў. У лістападзе 2023 года Вярзілава завочна прыгаварылі да 8,5 года калоніі па гэтай справе. Ён з'ехаў з Расіі ў 2020 годзе.

Крыніца: Медуза