Беларуская Служба

У Варшаве ўшанавалі памяць ахвяраў дэпартацыі ў Сібір з краін Балтыі

25.03.2024 17:15
25 сакавіка 1949 года па загадзе Сталіна пачаліся дэпартацыі так званых «ворагаў народа» з прыбалтыйскіх рэспублік Савецкага саюзу.
Pomnik Poległym i Pomordowanym na Wschodzie
Pomnik Poległym i Pomordowanym na WschodziePawel Terlikowski / Forum

У Варшаве ўшанавалі памяць ахвяраў дэпартацыі ў Сібір з краін Балтыі. Цырымонія адбылася перад помнікам загінулым і забітым на Усходзе ў 75-ю гадавіну савецкай аперацыі «Прыбой», якая мела на мэце зламаць антыкамуністычны супраціў жыхароў савецкіх рэспублік Прыбалтыкі.

25 сакавіка 1949 года па загадзе Іосіфа Сталіна пачаліся масавыя дэпартацыі так званых «ворагаў народа» з прыбалтыйскіх рэспублік Савецкага саюзу: тэрыторый сённяшніх Эстоніі, Латвіі і Літвы. Усяго было дэпартавана каля 95 тысяч чалавек, у тым ліку каля 21 тысячы чалавек з Эстоніі.

Віцэ-прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці Караль Паляёўскі, аддаючы даніну памяці ахвярам дэпартацыі, сказаў, што Саветы не здолелі зламаць эстонцаў, якіх напаткаў падобны лёс палякаў:

«Ні ў палякаў, ні ў эстонцаў рэпрэсіі не забілі духу свабоды. Наадварот, яны спарадзілі ўзброены супраціў. У Польшчы ён набыў форму своеасаблівага антыкамуністычнага паўстання, салдат якога называлі «нязломнымі» або «выклятымі» – яны змагаліся супраць Саветаў і іх мясцовых калабарацыяністаў. У Эстоніі гэта былі партызаны, вядомыя як «лясныя браты».

Спікер парламента Эстоніі Лаўры Гусар падкрэсліў, што дэпартацыі ў Сібір у рамках аперацыі «Прыбой» закранулі больш за 20 тысяч чалавек, што складае 3% ад усяго насельніцтва Эстоніі. Лаўры Гусар дадаў, што хоць палітычны лад і нават назва расійскай дзяржавы змяніліся, яе жорсткасць засталася. У гэтым кантэксьце эстонскі палітык распавёў пра незаконныя дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у глыб Расіі:

– Эстонія і Польшча праз уласныя трагічныя ўспаміны выдатна разумеюць, што азначае працяг расійскай агрэсіі ва Украіне. Таму вельмі важна, каб увесь дэмакратычны свет падтрымаў Украіну. Мы павінны спыніць гэты цыкл агрэсіі, Расія павінна адказаць за ўсе ўчыненыя злачынствы, а Украіна павінна перамагчы, – сказаў спікер парламента Эстоніі Лаўры Гусар.

Гісторык доктар Томаш Лабушэўскі тлумачыць, што дэпартацыя людзей з балтыйскіх краінаў у Сібір была часткай жорсткай палітыкі Савецкага Саюзу.

Паводле ацэнак гісторыкаў, за чатыры дэпартацыі ў 1940-1941 гадах савецкія ўлады дэпартавалі ў Сібір каля мільёна палякаў. Дэпартацыі ахоплівалі перадусім польскую эліту з памежжа, сем’і польскіх афіцэраў, забітых падчас катынскага расстрэлу, дзяржаўных чыноўнікаў, настаўнікаў, дактароў і адвакатаў.

Паводле IAR/вх