З Берліна ў Літву прыбыў 21 нямецкі салдат. Гэта пачатак фармавання брыгады, якая будзе складацца з пяці тысяч вайскоўцаў і цывільных служачых з Германіі.
У транспарт Airbus селі толькі добраахвотнікі. У Берліне з кожным з іх асабіста развітаўся міністр абароны Германіі.
«Мы ўпершыню ствараем пункт пастаяннага размяшчэння нашай арміі за мяжой. Гэта вельмі важны дзень для НАТА і для абараназдольнасці Альянсу. Вы — наканечнік гэтай брыгады», — сказаў Барыс Пісторыўс.
Задача групы — падрыхтаваць матэрыяльна-тэхнічную базу для дзеянняў і стварыць сетку кантактаў. Міністр абароны Літвы, вітаючы нямецкіх жаўнераў у Вільні, сказаў, што іх прысутнасць сведчыць пра тое, што на немцаў можна разлічваць. «Гэта вельмі важна для нас і ўсяго рэгіёну». - сказаў па-нямецку Лаўрынас Касцюнас.
Да канца года ў Літве будзе 150 чалавек. Падраздзяленне дасягне баяздольнасці ў 2027 годзе. Абодва бакі падкрэсліваюць, што паміж прыняццем рашэння і прыбыццём салдат прайшло ўсяго некалькі месяцаў.
Нямецкая брыгада фармуецца ў адказ на сітуацыю ў рэгіёне, у першую чаргу на агрэсію Расіі супраць Украіны.
IAR/нг