Расіяне павольна, але амаль штодня прасоўваюць свае пазіцыі на некалькіх участках украінскага фронту. У першую чаргу гэта адбываецца на Данбасе. Штурмы пяхоты падтрымлівае артылерыя і авіяцыя.
Паводле звестак сайта Deep State, які аналізуе сітуацыю на ўкраінскім фронце, за апошнія дні расійская армія здолела прасунуцца прыкладна на кіламетр на захад ад Бахмута і на паўднёвы захад ад Мар'інкі. Гэта ваколіцы Багданаўкі, Новаміхайлаўкі і мястэчка Часоў Яр.
Жорсткія баі ідуць, у тым ліку, у Рабоціна Запарожскай вобласці. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за апошнія суткі на ўсёй лініі фронту адбылося 56 баявых сутыкненняў. Праціўнік 97 разоў ужываў авіяцыю. 92 разы ўкраінскія пазіцыі былі абстрэляныя з артылерыйскіх сістэм «Град».
Украінскае войска знішчыла чатыры расійскія ракетныя комплексы і пашкодзіла адзін зенітны комплекс. Таксама нанесла ўдары па армейскіх цэнтрах, складах з узбраеннем і ваеннай тэхнікай.
ПР/юл