Беларуская Служба

Віктар Орбан прапануе стварыць у ЕП фракцыю з удзелам партый з краін Вышаградскай групы

27.06.2024 14:01
Паводле СМІ, да новай фракцыі можа далучыцца таксама польская правая партыя «Права і справядлівасць».
Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан PAP/EPA/ANGELO CARCONI

Прэмʼер Венгрыі Віктар Орбан выступіў з ініцыятывай стварыць новую фракцыю ў Еўрапарламенце, у якую ўвойдуць партыі з краін Вышаградскай групы (V4), паведамляе венгерская штодзёнка Nepszava.
Верагодна, перамовы вядуцца паміж партыяй Віктара Орбана «Фідэс», групай АNО былога прэмʼера Чэхіі Андрэя Бабіша і групай Smer-SD прэмʼера Славакіі Роберта Фіцо.

Нагадваем, раней чэшская АNО пакінула ліберальную групу ў ЕП «Аднавіць Еўропу» (Renew Europe), а членства славацкай Smer-SD у групе Сацыялістаў і дэмакратаў было прыпыненае ў кастрычніку 2023 года.

Віктар Орбан прапануе стварыць фракцыю, якая будзе складацца пераважна з дэпутатаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на базе краін Вышаградскай групы, у процівагу палітычнаму мэйнстрыму.

Паводле СМІ, да новай фракцыі можа далучыцца польскае «Права і справядлівасць». Верагодна, запрашэнне атрымае і Славенская дэмакратычная партыя былога прэмʼера Янэза Яншы. Аднак, паводле ацэнак каментатараў, выхад згаданай арганізацыі з Еўрапейскай народнай партыі малаверагодны.

Вышаградская група (V4) – фармат, створаны Чэхіяй, Польшчай, Славакіяй і Венгрыяй.

PAP/аз