Беларуская Служба

Нацыяналісты перамаглі ў першым туры датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі

01.07.2024 11:01
Каментатары звяртаюць увагу, што яны перамаглі пры самай высокай за больш чым 25 апошніх гадоў яўцы, якая склала 66,7 працэнта.
            .
На парламенцкіх выбарах у Францыі перамагаюць ультраправыя з Марын Ле Пэн на чале.PAP/EPA/Cuenta Oficial Marine Le Pen en / HANDOUT

Нацыяналісты перамаглі ў першым туры датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі. Яны атрымалі рэкордны вынік, і пасля другога тура можа аказацца, што ўпершыню ў гісторыі Францыі атрымаюць большасць у Палаце дэпутатаў.

Нацыянальны блок, то бок партыя «Нацыянальнае абʼяднанне» і яе хаўруснікі набралі 33,1 працэнта галасоў. На другім месцы апынуўся левы «Новы народны фронт», за які прагаласавала 27,9 працэнта выбаршчыкаў. На трэцім месцы – цэнтрысцкая кааліцыя, якая падтрымлівае прэзідэнта Эмануэля Макрона (20,4 працэнта галасоў).

Каментатары звяртаюць увагу, што нацыяналісты перамаглі пры самай высокай за больш чым 25 апошніх гадоў яўцы, якая склала 66,7 працэнта. У выніку ў больш чым двухсот акругах у другі тур выйшлі тры, а то і чатыры кандыдаты.

Левыя сілы заявілі, што адклічуць сваіх прадстаўнікоў там, дзе кандыдат ад цэнтрысцкай кааліцыі мае шанец перамагчы нацыяналістаў. Тое самае кажуць і цэнтрысты, але яны не хочуць адмаўляцца ад барацьбы за мандат на карысць ультралевых кандыдатаў. Паводле часткі каментатараў, гэта доказ нестабільнасці «рэспубліканскага фронту», які павінен перашкодзіць ультраправым сілам перамагчы ў другім туры выбараў.

Першыя прагнозы паказваюць, што нацыянальны блок атрымае большасць месцаў у ніжняй палаце парламента, але невядома, ці зможа ён сфарміраваць стабільны ўрад. Другі тур выбараў адбудзецца 7 ліпеня.

IAR/аз