Сёння ў свеце пражывае 8,1 мільярда чалавек (4,041 мільярда мужчын і 3,969 мільярда жанчын). Паводле прагнозаў ААН, у 2080-х гадах колькасць насельніцтва вырасце да 10,3 млрд чалавек, але да канца XXI стагоддзя яна ўпадзе да 10,2 млрд чалавек.
Адпаведныя высновы ААН былі прадстаўлены ў дакладзе «Перспектывы народанасельніцтва свету» (World Population Prospects) 2024 года.
«Дэмаграфічны ландшафт істотна змяніўся. У некаторых краінах каэфіцыент нараджальнасці цяпер нават ніжэйшы, чым прагназавалася раней, таксама назіраем некалькі больш хуткае зніжэнне ў некаторых рэгіёнах з высокай нараджальнасцю», – сказаў намеснік генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Лі Цзюньхуа.
У апошняй справаздачы за 2022 год аналітыкі прагназавалі, што насельніцтва свету дасягне піка ў 10,4 мільярда чалавек да 2080-х гадоў і застанецца на гэтым узроўні да 2100 года. Папярэднія выданні справаздачы прагназавалі працяг росту насельніцтва ў 22 стагоддзі.
Цяпер ААН абвясціла, што да 2100 года на Зямлі будзе на 200 мільёнаў менш людзей, чым чакалася раней. Арганізацыя лічыць, што насельніцтва свету будзе працягваць расці яшчэ 50-60 гадоў, прыкладна да 10,3 мільярда чалавек у сярэдзіне 2080-х гадоў, перш чым паступова паменшыцца.
Іншыя прагнозы ААН
Аналітыкі прагназуюць старэнне насельніцтва. Паводле прагнозаў ААН, да 2080 года колькасць людзей ва ўзросце 65+ перавысіць колькасць дзяцей да 18 гадоў.
Цяпер глабальны каэфіцыент нараджальнасці складае 2,3 нараджэння на адну жанчыну ў параўнанні з 3,3 нараджэння ў 1990 годзе. У больш чым палове ўсіх краін і рэгіёнаў ва ўсім свеце фертыльнасць ніжэй за 2,1 нараджэння на жанчыну, узровень, неабходны для падтрымання пастаяннай колькасці насельніцтва ў працяглы перыяд без міграцыі.
Да сярэдзіны 2030-х гадоў колькасць людзей ва ўзросце 80+ можа перавысіць колькасць немаўлят (да 1 года) і дасягнуць 265 мільёнаў чалавек, а да канца 2070-х гадоў – 2,2 мільярда.
Кожны чацвёрты чалавек у свеце жыве ў краіне, насельніцтва якой ужо дасягнула свайго піку.
У ААН таксама лічаць, што ў некаторых краінах з нізкай нараджальнасцю міграцыя зможа палепшыць дэмаграфічную сітуацыю, але гэта тычыцца не ўсіх.
«У 50 краінах і рэгіёнах іміграцыя, паводле прагнозаў, прывядзе да ўмеранага зніжэння насельніцтва. Аднак у 14 краінах і рэгіёнах, якія ўжо маюць звышнізкую нараджальнасць, эміграцыя, верагодна, паспрыяе скарачэнню насельніцтва да 2054 года», – паведамляе арганізацыя.
Пасля пандэміі COVID-19 чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце зноў расце. Ва ўсім свеце чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні дасягнула 73,3 года ў 2024 г., павялічыўшыся на 8,4 года з 1995 г. Прагназуецца, што далейшае скарачэнне смяротнасці прывядзе да сярэдняй працягласці жыцця ў свеце каля 77,4 года ў 2054 г.
«Перспектывы народанасельніцтва свету ў 2024 годзе» – дваццаць восьмае выданне афіцыйных дэмаграфічных ацэнак і прагнозаў ААН. У ім прадстаўлены ацэнкі колькасці насельніцтва з 1950-х гадоў да цяперашняга часу для 237 краін і рэгіёнаў.
вх