Беларуская Служба

68% працэнтаў французаў занепакоеныя бяспекай у турыстычных месцах і грамадскім транспарце падчас Алімпіяды

16.07.2024 18:02
Большасць апытаных лічыць, што небяспечна будзе і ў фан-зонах і на спартыўных збудаваннях.
ПарыжPAP/EPA/TERESA SUAREZ

Французы вельмі занепакоеныя бяспекай падчас летняй Алімпіяды ў Парыжы, паведамляе Le Figaro. Штодзённік публікуе апытанне, якое паказвае, што больш за дзве траціны французаў занепакоеныя бяспекай мерапрыемства, якое пачнецца праз дзесяць дзён.

Апытанне Odoxa паказвае, што 68 працэнтаў французаў занепакоеныя сваёй бяспекай у турыстычных месцах і грамадскім транспарце падчас Алімпійскіх гульняў. Большасць апытаных лічыць, што небяспечна будзе і ў фан-зонах і на спартыўных збудаваннях. Больш за ўсё французы баяцца ўзброеных нападаў, крадзяжоў і сексуальнага гвалту. 84 працэнты апытаных лічаць, што праблемы з бяспекай таксама закрануць турыстаў і што гэта нанясе шкоду іміджу краіны. «Апытанне малюе змрочную карціну, якая выпраменьвае паўсюдны страх», – каментуе Le Figaro.

Асцярогі выклікае і цырымонія адкрыцця, якая ўпершыню ў гісторыі адбудзецца не на алімпійскім стадыёне, а ў цэнтры горада, на беразе Сены, у прысутнасці больш за 320 тысяч гледачоў. Амаль палова апытаных Odoxa лічыць, што адкрыццё не павінна праходзіць у такім выглядзе. Французскія ўлады сцвярджаюць, што ў іх ёсць план Б на выпадак сур'ёзнай пагрозы ўдзельнікам мерапрыемства.

Адкрыццё гульняў адбудзецца 26 ліпеня.

ав