Беларуская Служба

Тэмпература вады ў акіяне пагражае Вялікаму Бар'ернаму рыфу

08.08.2024 13:08
Тэмпература вады вакол Вялікага Бар'ернага рыфа паднялася за апошняе дзесяцігоддзе да самага высокага ўзроўню за 400 гадоў, пагражаючы самаму вялікаму рыфу ў свеце.
Wielka Rafa Koralowa
Wielka Rafa KoralowaRichard Ling/Wikimedia Commons/CC

Вялікі Бар'ерны рыф, самая вялікая жывая экасістэма ў свеце, знаходзіцца прыкладна ў 2400 км ад узбярэжжа аўстралійскага штата Квінсленд. Навукоўцы з аўстралійскіх універсітэтаў прасвідравалі каралы і прааналізавалі ўзоры, як гэта робіцца з драўнінаю.

Такім чынам былі зробленыя высновы аб тэмпературы вады ў акіяне да 1618 года. Вынікі гэтых аналізаў у спалучэнні з дадзенымі з караблёў і спадарожнікаў паказалі, што тэмпература вады ў акіяне была стабільнай на працягу сотняў гадоў і пачала павышацца толькі прыкладна ў 1900 годзе пад антрапагенным уплывам.

З 1960 па 2024 год акіяны награваліся ў сярэднім на 0,12 градуса Цэльсія за дзесяцігоддзе са студзеня па сакавік. З 2016 года Вялікі Бар'ерны рыф перажыў пяць разоў этапы адбельвання каралаў, калі вялікія ўчасткі рыфа сталі белымі з-за высокіх тэмператур, што павялічвае рызыку знікнення каралаў. У гэты перыяд было пяць з шасці самых цёплых гадоў за чатыры стагоддзі.

«Свет губляе адну са сваіх ікон, — прызнаў Бенджамін Хенлі, навуковец з Універсітэта Мельбурна і адзін з суаўтараў дакладу. — Я лічу, што гэта абсалютная трагедыя. Цяжка зразумець, як такое можа адбывацца на нашых вачах і пры нашым жыцці. Гэта вельмі і вельмі сумна».

Каралавыя рыфы абараняюць берагавыя лініі ад эрозіі. Там жывуць тысячы відаў рыб. Для многіх краін гэтыя тэрыторыі з'яўляюцца важнай крыніцай прыбытку ад турызму. Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША (NOAA) паведаміла, што з лютага 2023 года як мінімум у 54 краінах і рэгіёнах адбылося масавае адбельванне рыфаў. У цяперашні час Вялікі Бар'ерны рыф не ўваходзіць у спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, хоць ААН рэкамендуе ўключыць яго ў гэты спіс. Аўстралія шмат гадоў выступала супраць уключэння рыфа ў спіс, таму што гэта прывядзе да зніжэння даходаў краіны ад турызму.

Цяпер Аўстралія атрымлівае, дзякуючы рыфу, 4,2 мільярда долараў штогод.

Менеджар кампаніі па Вялікім Бар'ерным рыфе Аўстралійскага таварыства аховы мора Ліса Шындлер заявіла, што даследаванні паказваюць, што Аўстралія павінна зрабіць больш для скарачэння сваіх выкідаў. «Аўстралія павінна павялічыць свае амбіцыі, (інтэнсіфікаваць) дзеянні і абавязацельствы па барацьбе са змяненнем клімату і абароне свайго найвялікшага прыроднага скарбу», — заклікала яна.

PAP/вх