Беларуская Служба

Расіяне абстралялі дзіцячую кавярню ва Украіне. Ёсць пацярпелыя і ахвяра

21.08.2024 08:57
У Запарожскай вобласці ў выніку абстрэлаў загінуў 15-гадовы падлетак.
Аўдыё

Адно дзіця загінула і трое былі параненыя ў выніку расійскага нападу на кавярню ў Запарожскай вобласці на поўдні Украіны. Акрамя таго, два чалавекі загінулі ў Херсонскай і Данецкай абласцях, паведамілі ў сераду ўкраінскія абласныя ўлады і Генпракуратура.

«У пасёлку Малакацярынаўка ў выніку варожага нападу на дзіцячае кафэ загінула адно дзіця, яшчэ трое атрымалі раненні. Распачатыя следчыя дзеянні. (...) 18-гадовая дзяўчына і чацвёра дзяцей 11, 14, 15, 17 гадоў пацярпелі, 15-гадовы хлопчык памёр у рэанімацыі», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

«Чарговае злачынства Расіі па-за межамі чалавечнасці. Мы не спынімся, пакуль вінаватыя ў гэтай злачыннай агрэсіі не будуць прыцягнутыя да адказнасці», — заявіў генпракурор Андрэй Косцін.

Расійскія войскі працягваюць абстрэльваць Херсонскую вобласць. За апошнія суткі войскі агрэсара атакавалі 20 населеных пунктаў і горад Херсон. Па словах кіраўніка ўладаў Херсонскай вобласці Аляксандра Пракудзіна, у выніку расіскай агрэсіі адзін чалавек загінуў і 15 атрымалі раненні, у тым ліку чацвёра дзяцей.

«Расія забівае мірных жыхароў! 20 жніўня расіяне забілі аднаго жыхара Данецкай вобласьці — у Канстанцінаўцы. Яшчэ чатыры чалавекі ў рэгіёне атрымалі раненьні», — паведаміў у Telegram кіраўнік вобласці Вадзім Філашкін.

IAR/вх