Беларуская Служба

Берагавая ахова Грэцыі папярэджвае аб новай небяспечнай практыцы кантрабандыстаў людзьмі

28.08.2024 16:40
Кантрабандысты выкідваюць імігрантаў за борт, каб адцягнуць увагу грэчаскіх патрулёў, паведаміла Берагавая ахова гэтай краіны.
Ілюстрацыйны здымакEPA/REDUAN Dostawca: PAP/EPA.

У мінулыя выхадныя зарэгістравана два такія выпадкі. Восем чалавек былі выратаваны з мора.

У двух выпадках кантрабандысты, якія перавозілі імігрантаў з Турцыі на грэцкія выспы, выкарыстоўвалі новы, небяспечны метад: яны выкідвалі некаторых пасажыраў з маторных лодак у мора, паведамілі грэцкія памежнікі.

У мінулыя выхадныя палесцінец і афганец за рулём хуткаснага катара спрабавалі ўрэзацца ў грэцкі патрульны карабель ля вострава Кос. Затым яны загадалі пяці пасажырам скокнуць у мора, прымусіўшы памежнікаў спыніцца, каб выратаваць людзей. Маторная лодка ўцякла ў бок вострава. Пазней 30 мігрантаў на лодках былі вывезеныя на Кос, а двое кантрабандыстаў былі затрыманыя.

У другім падобным інцыдэнце кантрабандысты змусілі трох чалавек скочыць у мора падчас пагоні ля вострава Сімі. Гэта дазволіла кантрабандыстам вярнуцца ў турэцкія воды з астатнімі пасажырамі, якіх забрала турэцкая берагавая ахова.

Тры чалавекі, якіх выратавала грэцкая ахова, сказалі, што заплацілі па 4500 долараў за марскія перавозкі.

Грэчаскі партал eKathimerini звярнуў увагу на тое, што кантрабандысты людзей змянілі свой спосаб дзеяння: яны выкарыстоўваюць хуткія маторныя лодкі, каб дабрацца да грэчаскіх астравоў і ідуць на таран катараў берагавой аховы Грэцыі.

«Мы больш не маем справу з таннымі надзіманымі лодкамі з невялікімі рухавікамі, а з лодкамі, якія ў мінулым выкарыстоўваліся групамі, якія займаліся кантрабандай наркотыкаў і цыгарэт», — сказаў прадстаўнік грэцкай берагавой аховы. Кантрабандысты набіраюць матываваных і часта ўзброеных капітанаў.

У сувязі са зменай тактыкі назіраецца павелічэнне прытоку імігрантаў з Турцыі ў Грэцыю, асабліва летам.

Паводле звестак грэцкіх памежнікаў, з пачатку года зарэгістравана больш за 200 выпадкаў незаконнага вывазу людзей з Турцыі на хуткасных катарах. Здаралася, што кантрабандысты таранілі катары грэцкай аховы і мела месца страляніна.

У пятніцу берагавая ахова Грэцыі паведаміла аб стральбе па маторнай лодцы з імігрантамі на борце, капітан якой выконваў небяспечныя манеўры, не падпарадкаваўся загадам і пратараніў грэчаскае судна. Адзін з людзей, якія знаходзіліся на борце лодкі, загінуў.

eKathimerini ацаніла, што апошнія падзі сведчаць пра «нарастанне напружанасці на грэчаскіх марскіх межах».

РАР/юл