Беларуская Служба

Еўрапейская камісія распрацоўвае правілы больш эфектыўнай дэпартацыі мігрантаў

23.10.2024 16:19
Праект новых правіл будзе гатовы ў наступным годзе.
Будынак Еўрапарламента ў Бруселіwww.europarl.europa.eu

Еўракамісія заявіла, што распрацоўвае правілы больш эфектыўнай дэпартацыі нелегальных мігрантаў. Камісар па пытаннях роўнасці Хелена Далі на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу заявіла, што праект новых правіл будзе гатовы ў наступным годзе.

Еўракамісар адзначыла, што Супольнасць не зможа справіцца з міграцыяй, калі не будзе эфектыўна вяртаць людзей, якім было адмоўлена ў праве на прытулак.

«З амаль паўмільёна чалавек, якія павінны былі штогод пакідаць ЕС, толькі кожны пяты вяртаецца»,  — сцвярджае Хелена Далі. Яна дадала, што камісія разгледзіць усе магчымасці.

«Напрыклад, стварэнне цэнтраў вяртання, якія будуць працаваць за межамі ЕС. Камісія ацэніць шляхі стварэння такіх хабаў»,  — сказала еўракамісар, адзначыўшы пры гэтым, што правы чалавека будуць выконвацца.

Ідэя цэнтраў дэпартацыі, адхіленая некалькі гадоў таму, цяпер зноў уваходзіць у еўрапейскі парадак дня з-за росту крайне правых сіл. Аднак гэтыя ідэі крытыкуюць у Еўрапарламенце левацэнтрысты і пагражаюць не прыняць склад новай Еўракамісіі.

IAR/яс