Чыгуначная сувязь з нарвежскім портам Нарвік будзе спрыяць ваеннаму супрацоўніцтву паміж краінамі НАТА ў Паўночнай Еўропе, у тым ліку перавозцы ваеннай тэхнікі, і забяспечыць стабільнасць паставак, паведаміла радыё Yle.
«Еўрапейская камісія, НАТА і Узброеныя сілы Фінляндыі ацанілі гэты праект як прыярытэтны для еўрапейскага боку, які мае буйны ваенны патэнцыял», — заявіла міністр транспарту Лулу Ранне.
На першы этап планавання пашырэння каляіны, які пачнецца ў гэтым годзе, урад Петэра Орпы, які знаходзіцца ў палове свайго тэрміну паўнамоцтваў, выдзеліў 20 мільёнаў еўра падчас бюджэтных перамоваў, якія завяршыліся на гэтым тыдні.
Маршрут з Оўлу да Нарвіка.
Мэта праекта — пракласці чыгуначную лінію праз Батнічны заліў, якая злучыць фінскія гарады Оўлу, Раваніемі і порт Кемі са шведскім горадам Хапаранда на памежнай рацэ Торнэ, а адтуль — з горназдабыўным цэнтрам у Кіруне, а затым — з нарвежскім портам Нарвік.
Гэтая інвестыцыя важная з пункту гледжання Узброеных сіл Фінляндыі і НАТА. У Лапландыі, недалёка ад Раваніемі, ёсць ваенная база і палігон.
Паводле ацэнак Міністэрства транспарту, кошт работ, звязаных з рэканструкцыяй толькі пуцей да Оўлу, складае больш за 1,5 мільярда еўра, а ўсе інвестыцыі ў чыгунку будуць каштаваць яшчэ даражэй, для чаго спатрэбіцца фінансаванне ЕС. Паводле слоў чыноўнікаў, праект чыгуначнай лініі, якая ў канчатковым выніку злучыць Фінляндыю з Нарвікам, расцягнуты на шмат гадоў, і будаўніцтва можа быць ажыццёўлена нават пасля 2030 года.
У цяперашні час трансгранічны чыгуначны рух немагчымы, бо на фінскім баку шырыня чыгуначнай каляіны (1524 мм) амаль на 89 мм шырэйшая за еўрапейскую і падобная да расійскай (1520 мм).
Раней Фінляндыя разглядала магчымасць будаўніцтва другой чыгуначнай лініі, якая злучыць краіну з Нарвікам, гэта значыць ад Колары (прыкладна за 200 км на поўнач ад Кемі) да Кіруны ў Швецыі.
PAP/вх